Манохін Віктар Аляксандравіч (1911–1972). Дзяржаўны і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандзір партызанскай брыгады імя Гастэлы. Нарадзіўся 23.02.1911 г. у г.Томск. У 30-я гады супрацоўнік ГПУ-УГБ НКВД СССР (1932–1941). Напачатку вайны з фашысцкай Германіяй накіраваны ў тыл ворага камісарам атрада асобага назначэння. 17 сакавіка 1943 г. невялікі атрад В.Манохіна ў складзе 33 чалавек на двух планерах быў перакінуты з-за лініі фронту на партызанскі аэрадром паблізу Бягомля. 14 верасня 1943 г. Вілейскі падпольны абком партыі прыняў рашэнне ўтварыць брыгаду імя Гастэлы, камандзірам якой быў прызначаны В.А.Манохін. Брыгада дыслацыравалася і дзейнічала ў Ашмянскім раёне. Да лета 1944 г. байцы брыгады рэгулярна праводзілі баявыя аперацыі, масава-палітычныя мерапрыемствы сярод насельніцтва, грамілі варожыя гарнізоны.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў В.А.Манохін працаваў намеснікам старшыні Полацкага аблвыканкама (1944–1945), супрацоўнікам міністэрстваў БССР і Літоўскай ССР. Нявінна асуджаны, знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі (1951–1953). У лістападзе 1953 г. вызвалены і вернуты ў грамадзянскіх і партыйных правах. За баявыя і працоўныя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалём за Перамогу над Германіяй, медалём за доблесную працу і інш.
Крыніцы інфармацыі:
- Винцелович, О. Отважный партизан, требовательный и заботливый командир: [К 105-летию со дня рождения командира партизанской бригады имени Гастелло Виктора Александровича Манохина]/ Ольга Винцелович.- Режим доступа: http://oshmuz.by/dasledavanni-pa-gistoryi-kraya/otvazhnyj-partizan-trebovatelnyj-i-zabotlivyj-komandir/
- Манохін Віктар Аляксандравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2016 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 19-20.
- Манохін Віктар Аляксандравіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 388.
Мантураў Іосіф Іосіфавіч (1935 – 2015). Вядомы на Ашмяншчыне краязнавец. Нарадзіўся 25.02.1935 г. у в. Турно на Беласточчыне, у 1945 г. з сям’ёй пераехаў на Ашмяншчыну ў в. Міхалконі, тут пачаў вучобу ў школе.
Пасля тэрміновай ваеннай службы працаваў на розных пасадах у сельвыканкамах Ашмянскага раёна, сакратаром парткамаў калгаса “Іскра”, саўгаса “Гальшаны”, старшынёй калгаса “Перамога”, намеснікам старшыні калгаса імя Крупскай. Завочна скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум (1964), у 1969 г. паступіў у Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут.
Узнагароджаны медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, «60 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.», «70 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.» і інш.
Пасля выхаду на пенсію (1995) пачаў актыўна займацца краязнаўствам, Некалькі гадоў запар вёў краязнаўчы гурток у Вайшнарышскай школе, напісаў яе гісторыю. Сабраў шматлікі матэрыял па гісторыі вёсак Шчапанавічы, Клявіца, Доржы. Сабраны звесткі пра могільнік часоў Першай сусветнай вайны каля в.Доржы, дзе пахаваны нямецкія і польскія салдаты. Друкаваўся на старонках раённай газеты “Ашмянскі веснік”.
Крыніцы інфармацыі:
- Булкевіч, Э. Чествование энтузіаста-краеведа : Іосіфа Іосіфовіча Мантурова / Э. Булкевіч // Ашмянскі веснік. – 2005. — 30 сакавіка.
- Драздова, В. Шэсцьдзесят год на Ашмяншчыне / В. Драздова // Ашмянскі веснік. — 2004. — 2 ліпеня. — С. 4.
- Мантураў Іосіф Іосіфавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2015. – С. 22. –23.
Мацэль Багуслава Ганна Тадэвушаўна (1937), нарадзілася 07.09.1937 г. Перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, ардэнаносец. Месца нараджэння – в.Здзіковіцы (Польшча). З 1955 па 1993 год працавала свінаркай у калгасе імя Багушэвіча Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), “Знак Пашаны” (1977). Жыве ў аг.Жупраны Ашмянскага р-на.
Крыніцы інфармацыі:
1. Мацэль Багуслава Ганна Тадэвушаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 31.
2. Мацэль Багуслава Ганна Тадэвушаўна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 554. (Вызначыліся працай. Ардэнаносцы).
Мінейка Зыгмунд (1840–1925). Беларускі, польскі, грэчаскі грамадскі дзеяч, этнограф, калекцыянер, мемуарыст. Нарадзіўся ў в.Балванішкі Ашмянскага раёна ў 1840 г. Са шляхецкай сям’і. Закончыў Віленскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай ваенна-інжынернай школе. Удзельнічаў у вызваленчым руху на Віленшчыне. Знаходзіўся ў эміграцыі, вучыўся ў Італіі ў ваеннай школе. З 1861 г. на радзіме. Удзельнік паўстання 1863 г., быў ваенным начальнікам Ашмянскага павета, камандзірам атрада. У 1863 г. сасланы ў Сібір. У 1865 г. уцёк. Закончыў ў Парыжы Акадэмію Генштаба. У Балгарыі, Турцыі, Грэцыі праектаваў чыгункі, масты, вёў археалагічныя даследаванні. З 1891 г. жыў у Грэцыі, кіраваў дэпартаментам Міністэрства грамадскіх работ. Пастановай парламента Мінейку прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі. У шлюбе з грачанкай Персефонай Манары нарадзілася сямёра дзяцей. Адна з яго дачок выйшла замуж за Георгіаса Папандрэу – вядомага палітыка Грэцыі, пачынальніка вялікай палітычнай дынастыі.
На радзіме пабываў у 1911 г. і ў пачатку 1920-х гадоў, перадаў Віленскаму ўніверсітэту калекцыю старажытных манет. Напісаў мемуары (больш за 40 тамоў), частка выдадзена ў Варшаве ў 1971 г. Памёр у 1925 г., пахаваны ў Афінах.
Крыніцы інфармацыі:
- Богданович, Л. Кто он, наш земляк Зигмунд Минейко? / Людмила Богданович ; фото // Ашмянскі веснік. – 2017. – 28 студз. – С. 6.
- Волынец, Н. Ошмяны-Томск-Афины / Наталия Волынец // Гродзенская праўда. – 2010. – 8 окт. – C.7.
- Волынец, Н. Репортер первой Олимпиады / Наталия Волынец ; фото // Гродзенская праўда. – 2016. – 12 сак. – С. 11.
- Крэпак, Б. А. Неверагодныя прыгоды ашмянскага Монтэ-Крыста : Зігмунд Мінейка: паміж Беларуссю і Грэцыяй / Барыс Крэпак. // Культура. – 2013. – №№ 35-42. – С. 15.
- Лабуніна, В. Памяці Зыгмунта Мінейкі / Валянціна Лабуніна // Ашмянскі веснік. – 2011. – 19 студзеня. – С. 4.
- Латышев, С. Предок главы МИДа Греции родился на Гродненщине // Сов. Белоруссия. – 1999. – 27 нояб. – С.17.
- Мальдис, А. Ошмянский инсургент, сибирский каторжник, почетный гражданин Греции / Адам Мальдис ; фото // Беларусь сегодня. – 2007. – 7 июня. – C.10.
- Мальдис, А. Ошмянский инсургент, сибирский каторжник, почетный гражданин Греции / Адам Мальдис. // Соотечественники : очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру. – Минск : Издательский дом “Звязда”, 2013. – С. 123-129.
- Мінейка Зыгмунд // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2015. – С. 8–9.
- Мінейка Зыгмунд // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 141.
- Мурина, С. Герой эллады из Болванишек / Светлана Мурина ; фото // Гродзенская праўда. – 2008. – 20 жн.. – C.28.
- Нікалаеў, Ю. Ганаровы грамадзянін Грэцыі, ён жа – грамадскі дзеяч, этнограф, мемуарыст, спартыўны каментатар, і ён жа ўраджэнец Ашмяншчыны / Юрый Нікалаеў // Ашмянскі веснік. – 2008. – 23 жніўня. – С. 4.
- Петровская, Т. Славный земляк — Зыгмунд Минейко / Татьяна Петровская // Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына: матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (Гальшаны-Навагрудак, 8-10 верас. 2006 г.) / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; рэд.кал.: Каваленя (адказ. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская навука, 2007. – С.368-376.
- Попко, И. Наш след в Греции / И.Попко; Фото // Олимпийцы Гродненщины. – Мн.: Харвест, 2003. – C. 6-7.
- Санюк, А. Ашмянскі інсургент, нацыянальны герой Грэцыі / Аліна Санюк // Ашмянскі веснік. – 2010. – 24 ліпеня. – С. 5.
- Трофимычев, Д. 100 дорог ошмянского Одиссея / Денис Трофимычев; фото // Белорусская нива. – 2010. – 18 нояб. – C.15.
Міхеенка Аляксандр Антонавіч (1929–2008), нарадзіўся 22.08.1929 г. у г.Віцебск. Беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, акцёр, рэжысёр, артыст народнага тэатра. У Ашмянах з 1944 г. А.А.Міхеенка стаяў ля вытокаў стварэння Ашмянскага народнага тэатра. Самадзейны тэатр узнік пры Ашмянскім РДК адразу пасля вайны. У тэатры ім сыграна больш за сто роляў. Гэта артыст шматпланавага жанру. Больш за 40 гадоў А.Міхеенка загадваў пастановачнай часткай тэатра.
Крыніцы інфармацыі:
1. Дроздова, В. Пока сердце бьётся и горит душа / В.Дроздова; фото И.Высоцкого // Ашмянскi веснiк. – 2005. – 27 красавіка. – C.5. Об актере народного театра А. Михеенко.
2. Міхеенка Аляксандр Антонавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2019 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2018. – С. 24.
3. Міхеенка Аляксандр Антонавіч// Краязнаўчы каляндар на 2019 год/ склад. Л.М.Каранкевіч. – Гродна, 2018. – С. 37.
Міцкевіч (Каменская) Марыя Дзмітраўна, нарадзілася 7.02.1891 г. (26.01 па старым стылі) у Ашмянах у сям’i псаломшчыка Ашмянскай Васкрасенскай царквы Дзмiтрыя Каменскага. Настаўніца, жонка Якуба Коласа, якая была першым чытачом, слухачом, крытыкам, дарадцам свайго мужа, верная спадарожніца жыцця. Дзяўчынкаю Марыя Каменская вучылася ў духоўным вучылiшчы, потым працавала настаўнiцай у Вiльнi, у Пiнску. Там у 1912 годзе пазнаёмiлася з настаўнiкам Канстанцiнам Мiхайлавiчам Мiцкевiчам, будучым пісьменнікам Я.Коласам. Праз год яны пабралiся шлюбам у Пiнску. Памерла 21 мая 1945 года, знаходзячыся ў эвакуацыi ў Маскве. Яе перавезлi ў Мiнск i пахавалi на Вайсковых могiлках.
Крыніцы інфармацыі:
- 7 лютага Міцкевич (Каменская) Марыя (1891, г. Ашмяны—1945).— 130 гадоў з дня нараджэння // Бібліятэка прапануе. – 2020. – № 3. – С. (Каляндар знамянальных і памятных дат на І квартал 2021 года).
- https://ru.rodovid.org/wk/Запись:929918
Мягкова Таццяна Сцяпанаўна, нарадзілася 23.06.1926 г. у г.Мінску. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Разам з бацькамі змагалася ў партызанскім атрадзе “За Радзіму!”. У жніўні 1943 г. Таццяна ў складзе спецгрупы з 105 чалавек пад кіраўніцтвам Дзьякава (атрад № 550) адправілася на захад, у Беластоцкую вобласць для ажыццяўлення разведвальнай, падрыўной і агітацыйнай дзейнасці, якая доўжылася па жнівень 1944 г.
Пасля дэмабілізацыі жыла ў г.Гродна. Працавала ў канторы аблполмінзага (абласнога ўпаўнаважанага міністэрства нарыхтовак) сакратаром. У Гродна сустрэла мужа Яўгена Барысавіча Мягкова, з якім разам пражылі 61 год. Пасля Гродна жылі ў Калінінградзе, у крымскім сяле Марское, апошнія гады – у Ашмянах. Шмат гадоў Таццяна Сцяпанаўна аддала бібліятэчнай справе, спачатку ў Гродна, а затым у Марскім. Тут яна працавала ў дзіцячай бібліятэцы, прывівала дзецям любоў да кнігі. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, часта сустракалася з маладзёжнай аўдыторыяй, дзялілася ўспамінамі аб ваенных падзеях.
Таццяна Сцяпанаўна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны, ордэнам “За мужнасць” 2-й ступені, медалямі “Партызанская слава”, “За Перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі.
Крыніцы інфармацыі:
1. Мягкова Таццяна Сцяпанаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2020. – С. 25.
2. Мягкова Татьяна Степановна // Кто есть кто в Республики Беларусь. Женщины Беларуси. Т. 1. — Минск: Энциклопедикс, 2011. — С.85.









