Сустрэча з пісьменнікамі ў Ашмянскай бібліятэцы

       27 лютага ў Ашмянскай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з беларускімі пісьменнікамі, членамі СПБ, Інай Фраловай і Сяргеем Трахімёнкам. Іна Фралова – аўтар лірычных вершаў і кніг для дзяцей. Пісьменніца дакладна адчувае дзіцячую логіку, добра разумее унутраны свет дзіцяці. Таму яе кнігі адразу захапляюць маленькіх чытачоў, прывабліваюць лёгкасцю ўспрымання і маляўнічасцю афармлення.
      Сяргей Трахімёнак – аўтар вострасюжэтных раманаў і аповесцяў, публіцыстычных артыкулаў  для  дарослых і моладзі, кінасцэнарыст. У выдавецтвах Мінска, Масквы, Пецярбурга  выйшла каля 50 яго кніг. Падзеі ў  творах пісьменніка адбываюцца  як у  ваенны  час, так і ў мірныя дні. Чытачы ўжо пазнаёміліся з кнігамі: «Крошки», «Суры, или Белый Бык Золотые Рога», «Повести разных лет»  і інш.
      Пісьменнікаў аўдыторыя сустрэла радушна. Спачатку літаратары  распавялі пра сябе, кожны падзяліўся сваёй творчай біяграфіяй: як прыйшлі ў літаратуру, што мацней за ўсё паўплывала на станаўленне аўтарскага погляду, што натхняе сёння. Яны зацікавілі прысутных не толькі як творцы, але і як цікавыя асобы. Потым Іна Фралова адправілася на сустрэчу з дзецьмі, дзе бліжэй пазнаёміла  іх з героямі кніг: “Андрэйкава лета”,  “Вясковыя вакацыі”, “Рамонкі на асфальце”, “Апельсін” і інш. Пісьменніца актыўна ўзаемадзейнічала з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, прапаноўваючы ім невялікія гульні, звязаныя са зместам твораў. А потым падаравала бібліятэцы  свае кнігі.
        Сяргей Трахімёнак меў зносіны з больш дарослай аўдыторыяй: адзінаццацікласнікі і дарослыя чытачы цікавіліся творчай працай пісьменніка, яго работамі ў кіно. Аўдыторыі для прагляду быў прапанаваны дакументальны фільм “Музей”, у якім распавядаецца аб Алеі выратаваных помнікаў,  калісьці ўстаноўленых у Еўропе, знесеных, і якія былі дастаўлены, адрэстаўрыраваны і ўстаноўлены ў Брэсце на сродкі  мясцовых жыхароў. Расповед пісьменніка і прагляд фільма  кранулі  і ўразілі прысутных, яны задавалі пытанні, а ў канцы папрасілі пакінуць аўтограф на прэзентаванай ім кнізе  «Восточный вектор».