27 лютага ў Ашмянскай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з беларускімі пісьменнікамі, членамі СПБ, Інай Фраловай і Сяргеем Трахімёнкам. Іна Фралова – аўтар лірычных вершаў і кніг для дзяцей. Пісьменніца дакладна адчувае дзіцячую логіку, добра разумее унутраны свет дзіцяці. Таму яе кнігі адразу захапляюць маленькіх чытачоў, прывабліваюць лёгкасцю ўспрымання і маляўнічасцю афармлення.
Сяргей Трахімёнак – аўтар вострасюжэтных раманаў і аповесцяў, публіцыстычных артыкулаў для дарослых і моладзі, кінасцэнарыст. У выдавецтвах Мінска, Масквы, Пецярбурга выйшла каля 50 яго кніг. Падзеі ў творах пісьменніка адбываюцца як у ваенны час, так і ў мірныя дні. Чытачы ўжо пазнаёміліся з кнігамі: «Крошки», «Суры, или Белый Бык Золотые Рога», «Повести разных лет» і інш.
Пісьменнікаў аўдыторыя сустрэла радушна. Спачатку літаратары распавялі пра сябе, кожны падзяліўся сваёй творчай біяграфіяй: як прыйшлі ў літаратуру, што мацней за ўсё паўплывала на станаўленне аўтарскага погляду, што натхняе сёння. Яны зацікавілі прысутных не толькі як творцы, але і як цікавыя асобы. Потым Іна Фралова адправілася на сустрэчу з дзецьмі, дзе бліжэй пазнаёміла іх з героямі кніг: “Андрэйкава лета”, “Вясковыя вакацыі”, “Рамонкі на асфальце”, “Апельсін” і інш. Пісьменніца актыўна ўзаемадзейнічала з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, прапаноўваючы ім невялікія гульні, звязаныя са зместам твораў. А потым падаравала бібліятэцы свае кнігі.
Сяргей Трахімёнак меў зносіны з больш дарослай аўдыторыяй: адзінаццацікласнікі і дарослыя чытачы цікавіліся творчай працай пісьменніка, яго работамі ў кіно. Аўдыторыі для прагляду быў прапанаваны дакументальны фільм “Музей”, у якім распавядаецца аб Алеі выратаваных помнікаў, калісьці ўстаноўленых у Еўропе, знесеных, і якія былі дастаўлены, адрэстаўрыраваны і ўстаноўлены ў Брэсце на сродкі мясцовых жыхароў. Расповед пісьменніка і прагляд фільма кранулі і ўразілі прысутных, яны задавалі пытанні, а ў канцы папрасілі пакінуць аўтограф на прэзентаванай ім кнізе «Восточный вектор».














