Урок адказнасці “Пра братоў нашых меншых”

        6 лістапада ў філіяле “Сельская інтэграваная бібліятэка аг. Муравана-Ашмянка” для выхаванцаў школьнага лагера “Карамель” Муравана-Ашмянкаўскай школы прайшоў урок адказнасці “Пра братоў нашых меншых”.
        Падчас мерапрыемства гаворка ішла пра дабрыню, міласэрнасць і адказныя адносіны да жывёл. Разам з дзецьмі бібліятэкар абмеркавала, чаму неабходна клапаціцца пра хатніх гадаванцаў, беражліва ставіцца да ўсіх жывых істот, не крыўдзіць жывёл і як правільна паводзіць сябе пры сустрэчы з бяздомным сабакам або катом.
        Юныя ўдзельнікі з цікавасцю далучыліся да разнастайных конкурсаў і заданняў. У віктарыне “А ці ведаеш ты? Адкуль родам твой гадаванец” яны праверылі свае веды пра хатніх жывёл, у конкурсе “Адгадай жывёліну па голасе” спрабавалі вызначыць, каму належаць розныя гукі. Таксама дзеці адгадвалі загадкі і ўспаміналі казкі, героямі якіх з’яўляюцца жывёлы.
        Акрамя таго, удзельнікі пазнаёміліся з кнігамі пра жывёл, прадстаўленымі на тэматычнай выставе “Такія розныя і дзіўныя”.