“Мой зямны анёл — Мама”

        У філіяле “Сельская бібліятэка аг. Гальшаны” панавала асабліва цёплая і душэўная атмасфера. Для чытачоў ва ўзросце 10–14 гадоў адбыліся гучныя чытанні “Мой зямны анёл — Мама”. Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава. Дзеці з цікавасцю знаёміліся з прадстаўленымі выданнямі, а затым выбіралі тую самую кнігу, якая кранула іх сэрцы. Юныя чытачы ўслых чыталі кранальныя вершы і ўрыўкі з празаічных твораў, прысвечаных самаму дарагому чалавеку — маме. Пасля чытання адбылося шчырае абмеркаванне. Юныя чытачы дзяліліся пачуццямі, якія выклікалі ў іх літаратурныя творы, і разважалі над важным пытаннем: чаму маму можна назваць зямным анёлам? Свае самыя патаемныя думкі і адказы дзеці “даверылі” пялёсткам рамонка. У выніку атрымаўся сапраўдны сімвал любові, пяшчоты і ўдзячнасці. Мерапрыемства стала цудоўнай нагодай яшчэ раз нагадаць пра тое, як важна шанаваць матчыну любоў, дарыць мамам цеплыню сваіх сэрцаў і не забывацца гаварыць ім самыя ласкавыя словы. Мама — наш зямны анёл, які дорыць любоў, аберагае і сагравае сваім цяплом на працягу ўсяго жыцця!