14 кастрычніка бібліятэкар філіяла “Сельская інтэграваная бібліятэка аг. Станцыя Ашмяны” наведала групу падоўжанага дня Дакурнішскай сярэдняй школы, дзе правяла дзіцячую майстэрню “Добрыя цацкі”, прысвечаную Дню маці. Сустрэча атрымалася цёплай і душэўнай. Дзеці з радасцю расказвалі пра сваіх матуль, дзяліліся тым, за што іх любяць і цэняць, а таксама разам прачыталі добрую казку.Перад пачаткам творчай працы дзеці выканалі пальчыкавую гімнастыку, падрыхтаваўшы свае ручкі да стварэння падарункаў. Затым кожны з асаблівай стараннасцю і акуратнасцю ўзяўся майстраваць святочную паштоўку для матулі. У кожную вырабленую паштоўку дзеці ўклалі часцінку сваёй душы, любоў і пяшчоту, бо самы дарагі падарунак для матулі — гэта ўвага, клопат і шчырыя дзіцячыя пачуцці. Няхай гэтыя маленькія паштоўкі падораць матулям шмат радасці, усмешак і цёплых эмоцый.







