23 верасня бібліятэкары філіяла “Сельская бібліятэка аг. Гальшаны” правялі ў Гальшанскім дзіцячым садзе інтэрактыўныя заняткі-практыкум “З агнём жарты дрэнныя”.
Падчас заняткаў з дапамогай загадак малыя ўспомнілі, якую небяспеку можа несці агонь, і замацавалі асноўныя правілы бяспечных паводзін. Праслухаўшы казку “Куды схаваўся Зайчаня?”, дзеці даведаліся, як трэба паводзіць сябе ў выпадку ўзнікнення пажару.
Асаблівую цікавасць выклікала гульня “Выратаванне”, падчас якой дзеці ў гульнявой форме адпрацоўвалі навык бяспечнага выхаду з памяшкання ў выпадку пажару. Таксама малыя запомнілі нумар 101, па якім неабходна выклікаць пажарную службу. Бібліятэкары пазнаёмілі выхаванцаў з кнігамі, якія ў даступнай і цікавай форме расказваюць пра бяспеку і правілы паводзін у небяспечных сітуацыях.
У завяршэнне заняткаў адбылася гульня “Правільна — няправільна”. З яе дапамогай дзеці замацавалі атрыманыя веды і яшчэ раз паўтарылі асноўныя правілы паводзін пры пажары.







