21 верасня ў філіяле “Сельская бібліятэка аг. Гальшаны” адбылася прафарыентацыйная экскурсія “Бібліятэка і час: новыя рэаліі”. У ходзе мерапрыемства бібліятэкары пазнаёмілі вучняў 11-га класа з арганізацыяй работы сучаснай бібліятэкі, расказалі пра актуальныя кваліфікацыйныя патрабаванні да спецыялістаў ва ўмовах лічбавізацыі, а таксама прадэманстравалі магчымасці электроннага каталога.Вучні паглядзелі відэаролік пра дзейнасць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Асаблівую цікавасць выклікала практычная частка мерапрыемства, падчас якой школьнікі змаглі паспрабаваць сябе ў ролі бібліятэкара і выканаць некалькі незвычайных заданняў:
– вызначыць кнігу па “заблытаным” апісанні і знайсці яе на стэлажы;
– разгадаць назву кнігі, зашыфраваную з дапамогай штучнага інтэлекту на мове смайлікаў;
– прыдумаць “хайпавы” загаловак для сацыяльных сетак да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”.
Бібліятэкары таксама правялі агляд кніжнай выставы “Прафесія вечная — бібліятэчная”, расказалі пра навучальныя ўстановы Беларусі, дзе можна атрымаць бібліятэчную прафесію, і пазнаёмілі школьнікаў з сучаснымі магчымасцямі і перспектывамі гэтай прафесіі.
Мерапрыемства дапамагло вучням убачыць, што сучасная бібліятэка — гэта не толькі кнігі і стэлажы, але і інфармацыйныя тэхналогіі, электронныя рэсурсы, творчасць, камунікацыя і пастаяннае развіццё.







