17 верасня ў філіяле “Сельская інтэграваная бібліятэка аг. Мураваная Ашмянка” адбылася сустрэча-галерэя творчых асоб “Жанчыны — дзеячы літаратуры і мастацтва”. Мерапрыемства прайшло ў рамках раённага бібліятэчнага марафону-конкурсу “Жаночыя лёсы Гродзеншчыны”. Сустрэча была прысвечана таленавітым жанчынам, якія сваёй творчасцю праслаўляюць родны край, захоўваюць яго культурныя традыцыі і натхняюць іншых. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі мясцовыя паэтэсы Святлана Муха і Тэрэза Адашкевіч. Яны падзяліліся са слухачамі сваёй душэўнай паэзіяй, расказалі пра творчы шлях, крыніцы натхнення і любоў да роднага краю. Вершы гасцей сталі сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных, а цёплая і шчырая атмасфера сустрэчы дазволіла бліжэй пазнаёміцца з творчасцю таленавітых зямлячак. Такія сустрэчы нагадваюць нам пра тое, наколькі багаты наш рэгіён на таленавітых, моцных і натхняльных жанчын, чыя творчасць з’яўляецца важнай часткай культурнай спадчыны Гродзеншчыны!











