4 красавіка філіял “Сельская бібліятэка аг. Гальшаны” запрасіла сваіх юных чытачоў 8-10 гадоў у займальнае інтэрактыўнае падарожжа па родным краі. З дапамогай спецыяльна распрацаванай карты-схемы “Падарожжа па Гальшанах” дзеці разам з бібліятэкарамі адправіліся адкрываць для сябе знакавыя мясціны аграгарадка. Вандроўка прайшла па самых вядомых і гістарычна значных кропках: ад старажытнага гарадзішча і велічнага замка да сакральных храмаў і таямнічага старога млына, авеяных легендамі. Бібліятэкары не толькі расказвалі цікавыя гісторыі пра кожны аб’ект, але і з задавальненнем слухалі вучнёвыя веды і ўспаміны, спрыяючы актыўнаму абмену інфармацыяй. Асабліва яркімі сталі моманты, калі дзеці ўзгадвалі найбольш вядомыя мясцовыя легенды. Для замацавання атрыманых ведаў была праведзена займальная віктарына “Славутасці Гальшанаў”, а таксама прагледжаны відэаролік, прысвечаны багатай гісторыі паселішча. У завяршэнне сустрэчы бібліятэкары параілі юным краязнаўцам кнігі, якія дапамогуць даведацца яшчэ больш пра родны край.







