31 студзеня ў філіяле “Сельская бібліятэка аг.Кальчуны” адбылася літаратурная сустрэча, прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка Івана Шамякіна. У межах гутаркі-агляду “Голас нескаронага народа” чытачы акунуліся ў свет творчасці класіка, поўны гераізму, болю і любові да Радзімы. Разам з бібліятэкарам прысутныя прайшліся па значных этапах жыццёвага шляху Івана Шамякіна, атрымаўшы шмат цікавай інфармацыі пра яго лёс і творчыя пошукі. Для ўвагі наведвальнікаў была прадстаўлена тэматычная выкладка твораў пісьменніка, якая дазволіла ацаніць маштаб яго таленту. Асаблівую ўвагу падчас гутаркі надалі творам ваеннага перыяду. Менавіта гэтыя кнігі пакінулі найбольшы след у сэрцах слухачоў. Чытачам найбольш спадабаліся творы “Трывожнае шчасце”, “Вазьму твой боль” і іншыя, якія пранікліва распавядаюць пра чалавечыя драмы на фоне ваенных падзей. Кнігі Івана Шамякіна – гэта не проста літаратура, гэта магутны інструмент выхавання, які дапамагае моладзі і дарослым адчуць сябе часткай гісторыі і зразумець свой абавязак перад будучыняй.










