Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч (1885–1938), нарадзіўся 14.04.1885 г. Беларускі палітычны і грамадскі  дзеяч, публіцыст, педагог, асветнік, дырэктар беларускай настаўніцкай семінарыі ў мястэчку Баруны Ашмянскага павета. Месца нараджэння – в.Максімаўка Вілейскага павета Віленскай губерні, цяпер Маладзечанскі раён.  Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую   семінарыю  (1904), педагагічны інстытут у Феадосіі (1912). Працаваў у школах Свянцянскага і Вілейскага паветаў, займаўся культурна-асветніцкай дзейнасцю, збіраў фальклор. Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг.  Член Беларускай  сацыялістычнай грамады (БСГ), член  Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Займаўся  арганізацыяй  беларускіх пачатковых школ. Выкладаў у Гродзенскай беларускай гімназіі (1918 – 1920), супрацоўнічаў у газеце “Беларускае слова”.
      У 1919 г.  С. Рак-Міхайлоўскі распачаў актыўную работу па адкрыцці беларускай настаўніцкай семінарыі ў мястэчку Баруны, якая пачала працаваць  у 1920 г. Першы набор вучняў склаў 60 чалавек. Увесь курс навукі разлічаны быў на 4 гады.  Але з боку польскіх улад  пачалося ганенне  на беларускамоўныя ўстановы.  15 мая 1921 г. беларуская настаўніцкая семінарыя ў Барунах па загаду дырэктара Дэпартамента Асветы  Ліхтаровіча была закрыта,. У 1922 г.  С. Рак-Міхайлоўскі пакінуў Баруны.
      У 1926 г. уступіў у КПЗБ. У 1927 г. арыштаваны, прыгавораны да 12 гадоў  зняволення. Вясной 1930 г. датэрмінова вызвалены і перапраўлены ў Мінск. Працаваў у сектары   навукі  Наркамата Асветы  БССР. 16.08.1933 г. арыштаваны органамі АДПУ па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”, прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных  лагераў.  Пакаранне адбываў у Салавецкіх лагерах. Асобай тройкай НКУС БССР 14.11.1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Растраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956 г. У Маладзечне яго імем названа вуліца.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Дроздова, В. Исторические личности борунской земли / Валентина Дроздова ; фото Светланы Муцянской // Ашмянскі веснік. — 2017. – 13 снеж. – С. 5.
  2. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя т. 9. – Мн.: , 1973. –  С. 84.
  3. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2020 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2019.–С. 24-25.
  4. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т 4. – Мн.: , 1987. –  С. 482.

Рамулевіч Віктар Баляслававіч, нарадзіўся 23.07.1950 г. у г.Ашмяны. Заслужаны трэнер Беларусі (1987).  Закончыў СШ №1 (1967), Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры (1972). Трэнер па ручным мячу (гандбол) Ашмянскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (з 1972 г.).  Займацца гандболам  асабіста  пачаў з 11 гадоў, як толькі стаў культывавацца гэты від спорту ў  Беларусі.  Добра гуляў у футбол, валейбол і баскетбол.  Заканчваючы сярэднюю школу, трапіў у юнацкую зборную краіны да Спартака Мірановіча (у далейшым знакамітага гандбольнага трэнера Беларусі і СССР). На Спартакіядзе народаў СССР (1971) беларусы сенсацыйна заваявалі бронзу. Выхаваў вялікую колькасць  юных гандбалістаў, падрыхтаваў алімпійскага чэмпіёна А.С.Барбашынскага.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Гандбольный тренер из Ошмян Виктор Ромулевич: «Приезжаю своей «деревней» и обыгрываю фаворитов». – Режим доступа: https://www.sb.by/articles/gandbolnyy-trener-iz-oshmyan-viktor-romulevich-priezzhayu-svoey-derevney-i-obygryvayu-favoritov.html
  2. Рамулевіч Віктар Баляслававіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны  на 2020 год / склад. Г. У. Палубінская. — Ашмяны, 2019.  С. 30.
  3. Рамулевіч Віктар Баляслававіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 565. (Вызначыліся працай. Заслужаны трэнер).

Розенберг Мікалай Рыгоравіч (1936). Самадзейны кампазітар, музыкант, педагог. Нарадзіўся  21.01.1936 г. у   г.Кіеве.  Зведаў   усе нястачы ваеннага  дзяцінства.  Закончыў  школу  рабочай   моладзі   ў   Ашмянах (1955).  Служыў  у Савецкай арміі (у ваенным аркестры). З 1958 г. у  Ашмянах:     працаваў  баяністам у РДК,  выкладчыкам музыкі і спеваў   у   СШ  №2.  З  1966 г.  па  2002  г. – выкладчык  сальфеджыа  і музычнай літаратуры ў музычнай школе. Напісаў музыку на вершы ашмянскіх і іншых паэтаў: “Ашмяначка”, “Край майго дзяцінства”, “Любоў жаданая”, “Гармоні”, “Кахання залаты агонь”, і інш.  Песні М.Р.Розенберга сабраны ў зборнік “Мелодыі сэрца і душы”, выдадзены Ашмянскай раённай цэнтральнай бібліятэкай  у 2000 г.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Белiцкая, А. Мелодыi сэрца i душы : Пра самадзейн. камп. з Ашмян М.Р.Розенберга // Ашмян. весн.. – 2000.. – 12 лiп.. – С. 2.
  2. Нікалаеў, Ю. Паэтычны вянок Ашмяншчыны ; Ю.Нікалаеў ; фота С.Муцянскай // Ашмянскi веснiк. – 2007. – 7 ліп. – C.4
  3. Розенбарг Мікалай Рыгоравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2016 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 18.
  4. Розенбарг Мікалай Рыгоравіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 589-590.

Рубацкі Уладзімір Піліпавіч (1914–1981), нарадзіўся 19.06.1914 г. у Ашмянах. Заслужаны артыст Літоўскай ССР (1959). Закончыў Ашмянскую гімназію (1932), Віленскае тэхнічнае дарожнае вучылішча, два курсы юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта (1935). Служыў у польскім войску падхарунжым першага пяхотнага палка. Да 1944 г. працаваў у Ашмянах ва ўстановах, звязаных, у асноўным, з будаўніцтвам і эксплуатацыяй дарог.
У час нямецка-фашысцкай акупацыі Ашмяншчыны прымаў удзел у барацьбе з гітлераўцамі.
       З 1944 г. у Беларускім дзяржаўным ансамблі песні і танца, у Дзяржаўным тэатры оперы і балета, у філармоніі і акадэмічным тэатры оперы і балета Літвы. У.П.Рубацкі ства-рыў каля 30 мастацкіх вобразаў, выконваў літоўскія і рускія песні, песні замежных кампазітараў. Асноўныя партыі, выка-наныя спеваком: Анегіна, Роберта (“Яўгеній Анегін”, “Іала-нта” П.Чайкоўскага), Рыгалета, Жэрмона, Яга (“Рыгалета”, “Трывіята”, “Атэла” Дж. Вердзі), Дэмана (“Дэман” А.Рубінш-тэйна), Сільвія (“Паяцы” Р.Леанкавала) і інш. Памёр 27 мая 1981г.

Крыніцы інфармацыі:

Рубацкі Уладзімір Піліпавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2019 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2018. – С. 18.