Забоеў Генадзь Андрэевіч, нарадзіўся 20.03.1922 г. у в.Сасноўка Называеўскага р-на Омскай вобласці. Заслужаны ўрач Беларусі (1968), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Закончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1950). З 1954 г. у Ашмянскім раёне: загадчык хірургічнага аддзялення (1954–1962), галоўны ўрач раёна (1962–1973). Працаваў у  Ашмянскай цэнтральнай раённай бальніцы да жніўня 1984 г.  Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “Партызану Айчыннай вайны” 1 ступені. Памёр 16.04.2012 г. у г.Гродна.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Забоеў Генадзь Андрэевіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 19–20.
  2. Забоеў Генадзь Андрэевіч: Вызначыліся працай. Заслужаны ўрач // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А.Р.Каранеўскі, рэдкал.:Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 565. ().

Загорскі Браніслаў Іпалітавіч (1935). Беларускі гісторык, педагог, кандыдат гістарычных навук (1971). Нарадзіўся 29.03.1935 г. у в.Жупраны. Закончыў Жупранскую СШ (1955), гістарычны факультэт  Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Працаваў выкладчыкам у Гарадзішчанскім вучылішчы механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі №27 (в.Савічы Баранавіцкага раёна), у Казлоўшчынскім сельскім ПТВ №15 Дзятлаўскага раёна. Вучыўся ў аспірантуры на кафедры новай і навейшай гісторыі БДУ, пасля працаваў у  Акадэміі навук БССР. У маі  1971 г. абараніў дысертацыю на тэму “Польска-французскія адносіны 1919–1925 гг.”. Займаўся вывучэннем дзейнасці беларускай эміграцыі ў краінах Захаду ў перыяд “халоднай вайны”. Падрыхтаваў і надрукаваў каля 30 навуковых прац.  З 1975 г. у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, дацэнт кафедры паліталогіі і міжнародных адносін. Сааўтар метадычнага дапаможніка “Сацыялогія міжнародных адносін” (2000).

Крыніцы інфармацыі:

  1. Загорскі Браніслаў Іпалітавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2015. – С. 26.
  2. Загорскі Браніслаў Іпалітавіч  // Памяць:  гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 566—567.

Зязюля Андрэй (1878–1921) (сапраўднае Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч).  Беларускі паэт, каталіцкі святар.  Нарадзіўся 7.12.1878 г. у в.Навасяды Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Закончыў Ашмянскае павятовае вучылішча. У 1905 – 1910 гг. вучыўся   ў каталіцкай   духоўнай         семінарыі ў Пецярбургу, дзе адбылося     яго   далучэнне     да     беларускай    нацыянальнай     ідэі.    Служыў ксяндзом у мястэчках Трабы Іўеўскага раёна (тут пачаў гаварыць касцельныя казанні па-беларуску), Ракаў, Новы Свержань, Смілавічы, Сянно і інш.  Праследаваўся касцельнымі ўладамі за прыхільнасць да роднага слова, 2 гады быў без парафіі. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Беларусі. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917).
        Друкаваў вершы з 1909 г. у газетах “Наша ніва”,  “Беларус”, “Крыніца”, “Светач”, “Беларускае жыццё”. Выдаў зборнік паэзіі “З роднага загону” (Вільня, 1913, 2-е дапоўненае выданне, 1931), паэмы  “Слова праўды аб мове і долі беларуса” (Прага, 1917) і “Аленчына вяселле” (Вільня, 1923). Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі А.Грыневіча склалі зборнік “Беларускія песні з нотамі” (т.2, 1912). Аўтар беларускага рэлігійнага гімна “Божа, што калісь народы…”. Творчасць А.Зязюлі прасякнута хрысціянскім светапоглядам. У ёй дамінуе патрыятычная, грамадзянская тэма, ідэя адраджэння Беларусі, вера ў яе лепшую будучыню.
       Апошні год свайго жыцця працаваў у мястэчку Сянно Віцебскай вобласці. Памёр 17 студзеня 1921 г. Пахаваны на мясцовых могілках.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Зязюля Андрэй// Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка – Кантата/ Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 1998. – С.125.
  2. Зязюля Андрэй// Беларускі фальклор: энцыкл.: У 2 т. Т.1: Акапэла– Куцця/ Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2005. – С.555.
  3. Зязюля Андрэй // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2017. – С. 37-38.
  4. Зязюля Андрэй // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.].. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 140. (Іх імёны ў гісторыі Ашмяншчыны).
  5. Зязюля Андрэй// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.3: Гімназіі –Кадэнцыя/ Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 1996. – С.457.: іл.
  6. Каранеўскі, А. Паэт з Навасядаў/ Аляксандр Каранеўскі //Ашмянскі веснік. – 1998. – 10 чэрвеня (№44). – С.2.

Зянковіч Вераніка Карлаўна (1922–2006), нарадзілася 01.07.1922 г. у в.Радзюны Ашмянскага раёна. Ардэнаносец, перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці. З 1949 г. працавала цялятніцай у калгасе імя Крылова. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання (1963). Узнагароджна ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971),   “Знак   Пашаны”   (1973),   медалямі “За працоўную доблесць” (1966), “Ветэран працы” (1971).

Крыніцы інфармацыі:

  1. Зянковіч Вераніка Карлаўна / Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 30.
  2. Зянковіч Вераніка Карлаўна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 552. (Вызначыліся працай. Ардэнаносцы).