Адамовіч Ян Уладзіміравіч (1924–2013).  Польскі паэт. Нарадзіўся 28.01.1924 г. у в.Мажэйкі на Ашмяншчыне. Закончыў Ашмянскую гімназію (1939). Удзельнік польскага руху супраціўлення ў час Вялікай Айчыннай вайны.У 1945 – 1946 гг. упаўнаважаны польскага боку па рэпатрыяцыі па Ашмянскім  і  Астравецкім  раёнах,   быў   у высылцы ў Казахстане (1952– 1956). Пасля высылкі – у Польшчы, закончыў прававы факультэт універсітэта ў Катавіцах. Аўтар зборнікаў вершаў “Што застанецца пасля нас”, “Пойдзем у зорныя сады”, кнігі ўспамінаў “Бадзячым шляхам” і інш.  З 1982 г. жыў у Завідаве (Польшча).   Памёр 9.01.2013 г.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Адамовіч Ян Уладзіміравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2014 год / склад. Г.У. Палубінская. — Ашмяны, 2014. — С. 15.
  2. Нарадзіліся на Ашмяншчыне : творцы. Адамовіч Ян Уладзіміравіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 568.

Адважны Вінцук (1890 – 1978). (Сапраўднае Германовіч Язэп Станіслававіч, псеўд. Лявон Ветрагон), беларускі пісьменнік (паэт,  перакладчык, мемуарыст), каталіцкі духоўнік. Нарадзіўся 04.03.1890 г.  у  мястэчку  Гальшаны Ашмянскага раёна,   З сям’і рамесніка. Закончыў парафіяльную   школу  ў   Гальшанах (1902),  гарадскую   ў    Ашмянах  (1906).  Жыў  у  Вільні.  Закончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом на Беласточчыне, у 1918 г.  – у Вялікай Лапеніцы (Ваўкавыскі раён), у 1923 г. у Лужках на Віцебшчыне. Усюды праводзіў беларускую патрыятычную работу сярод прыхаджан. Праследаваўся  касцельнымі і савецкімі ўладамі. У 1924 г. уступіў у ордэн марыянаў у Друі, быў пробашчам, выкладчыкам  рэлігіі і лацінскай мовы ў гімназіі. У 1932 г. накіраваны місіянерам у Харбін (Кітай). У 1948 г. арыштаваны кітайскай міліцыяй і перададзены ў СССР. Зняволены ў канцлагерах Сібіры. Вызвалены ў 1955 г.  Выехаў у Польшчу, у 1959 г. у Рым. Жыў пераважна ў Англіі. Рэдагаваў часопіс “Божым шляхам” (1964 – 1974). Друкаваў гумарыстычныя вершы, байкі, празаічныя творы, сярод якіх  “Як Казюк сабраўся да споведзі” (1928),  “Як Гануля збіралася ў Аргентыну” (1930), “Адам і Анелька” (1931), “Хлопец”  (1935) і інш. Выдаў пераклады казак П.Яршова “Канёк-гарбунёк” (1932), А.Пушкіна “Казка пра рыбака і рыбку” (1935).  Памёр  26.12.1978 г. у Лондане.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Адважны Вінцук // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2015.–С. 24.
  2. Адважны Вінцук // Памяць:  гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. –  С. 137 – 138.
  3. Адважны, В. Выбраныя творы / Вінцук Адважны ; [укладанне, прадмова, каментарый Ірыны Багдановіч]. – Мінск : Кнігазбор, 2011. – 589 с.. – (Беларускі кнігазбор. Серыя 1. Мастацкая літаратура).
  4. Багдановіч, І. Беларускі святар – асоба і вобраз у гістарычных перыпетыях XX ст. : (на матэрыяле творчасці Вінцука Адважнага [(1890, в.Гальшаны Ашмянcкага раёна – 1978)]) / Ірына Багдановіч // Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі : зб. арт. / [пад рэд. І. Э. Багдановіч]. – Мінск, 2015. – С. 218 – 225.  
  5. Баршчэўскі, А. Царская й савецкая рэчаіснасьць ва ўспамінах айца Язэпа Германовіча [(псеўд. Вінцук Адважны; 1890, в.Гальшаны Ашмян. р-на – 1978)] “Кітай – Сібір – Масква” / Аляксандр Баршчэўскі // Acta Albaruthenica : навук. зб.. – Мінск, 2005. – ь Вып. 5. – С. 31 – 37.  
  6. Бэрнатовіч, Я. Беларускі патрыярх і яго дзеці / Яанна Бэрнатовіч // ARCHE. – 2009. – № 5. – С. 94-108.
  7. Волынец, Н. От Гольшан до Лондона / Наталия Волынец // Гродзенская праўда. – 2011. – 26 лістап. – C.5.
  8. “Ёсць сiла ў працы, у згодзе…” // Настаўнiцкая газета. – 2005. – 3 верас.. – C.7.
  9. Манкевіч, А. “Бо людзям прыхіліць неба хоча…” Паэт і святар Вінцук Адважны / Алена Манкевіч // Роднае слова. – 2010. – № 3. – С. 8-10.
  10. Мікуліч, М. Духоўна-мастацкія пошукі заходнебеларускіх паэтаў-святароў / М.Мікуліч // Весцi Нацыянальнай Акадэмii навук Беларусi. Серыя гуманiтарных навук. – 2007. – №1. – C.95-102
  11. Мікуліч, М. У. Асоба і дух у паэзіі Вінцука Адважнага : [(1890, в.Гальшаны Ашмян. р-на – 1978)] заходнебеларускага перыяду / М.У.Мікуліч // ; Национальная академия наук Беларуси, Институт истории // Беларусь: государство, религия, общество : материалы Междунар. науч.-практ. конф. (Минск-Жировичи, 7 июня 2007 г.). – . – С.259-263.
  12. Петрушкевіч, А. Воля і вера як галоўныя матывы мастацка-дакументальнай аповесці Вінцука Адважнага [(1890, в.Гальшаны Ашмянcкага раёна – 1978)] “Кітай – Сібір – Масква” / Ала Петрушкевіч // Bialorutenistyka Bialostocka / [redaktor naczelny H. Twaranowicz] ; Uniwersytet w Bialymstoku, Wydzial Filologiczny, Katedra Filologii Bialoruskiej. – Bialystok, 2009. — Т. 1. — С. 115 – 124. ББК 81.
  13. Саўчук, М. Малавядомыя i таямнiчыя асобы Ваўкавышчыны / Марына Саўчук ; фота // Наш час (Ваўкавыскi раён). – 2005. – 4 мая. – C.13.
  14. Угрынскі, М. Той, хто перамагае смела і адважна / Міхась Угрынскі // Наша слова. – 2015. – 4 сак. –  С. 7.   
  15. Шыдлоўская, А. Знаёмыя незнаёмцы : Пра стэнды, прысвеч. бел. паэтам В.Адважнаму, А.Зязюлi ў Гальшан. гiст.-краязн. музеi iмя Э.С.Корзуна / А.Шыдлоўская ; Фота // Ашмян. весн.. – 2004. – 10 лiп.. – C. 5.

Адынец Антон Эдвард, нарадзіўся 25.01.1804 г. у вёсцы Гейстуны Ашмянскага раёна. Польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. Выхаванец Барунскай базыльянскай школы. А.Адынец пісаў свае творы на польскай мове і ва ўсіх даведніках праходзіць як дзеяч польскай культуры. Але ўся яго літаратурная дзейнасць, як і творчасць А.Міцкевіча, наскрозь прасякнута беларускасцю. Гэтым і адметны яго талент. Памёр 15.01.1885 г., пахаваны ў Варшаве.

Крыніцы інфармацыі:

Мальдзiс, А. Адынец Антон Эдвард // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С.138.


Алейнікаў Мікалай Сямёнавіч (1914 – 1995). Педагог, гаспадарчы дзеяч, ардэнаносец.  Нарадзіўся ў 1914 г. у в.Лыкінка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Закончыў Магілёўскае педвучылішча, працаваў педагогам у Чавускім раёне, у Куйбышаўскай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1945 г. у Ашмянскім раёне: дырэктар Цудзенішскай  школы (1945 – 1950), Антаноўскага дзіцячага дома (1950 – 1958), старшыня калгаса імя Сталіна (1958 – 1960), у 1960 – 1978 гг. кіраўнік аддзялення “Баруны” саўгаса “Гальшаны”. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973), медалём “За працоўную доблесць” (1960) і інш. Памёр у 1995 г.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Алейнікаў Мікалай Сямёнавіч (1914 – 1995) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2019 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2018. – С. 4.
  2. Вызначыліся працай : ардэнаносцы . Алейнікаў Мікалай Сямёнавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А. Р. Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 548.

Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна, нарадзілася 13.04.1943 г. у в.Вялікія Шастакі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Самадзейны паэт, педагог.  З 1964 г. жыла і працавала ў Ашмянах. Свой першы верш напісала ў пятым класе, будучы членам школьнай рэдкалегіі. Паэзія суправаджала яе і падчас вучобы ў Слонімскім медвучылішчы (1961), і на працы ў бальніцы ў Астравецкім раёне (1961–1964), і ў Ашмянскай санітарна-эпідэміялагічнай службе (1964–1966). Падчас вучобы на філфаку Гродзенскага педінстытута, які закончыла ў 1971 г., Рамуальда Іосіфаўна пазнаёмілася з Васілём Быкавым, які ўмацаваў яе веру ў тое, што ў яе ёсць паэтычны дар.  Працавала  загадчыкам сектара партуліку Ашмянскага райкама партыі (1984–1991). З 1991 г. у  СШ №1 г.Ашмяны (настаўнік рускай мовы і літаратуры, сацыяльны педагог, загадчык Народнага музея гісторыі ДУА “Сярэдняя школа №1 імя М.М.Гружэўскага”). Вершы друкаваліся  на старонках  газет “Ашмянскі веснік”, “Гродзенская праўда”,  “Настаўніцкая газета” і інш. Выдадзены зборнік вершаў  “І вера, і вернасць, і вечнасць” (2012). Аўтар больш за 20 тэкстаў песень для школьных самадзейных узорных калектываў “Званочкі” і “Палёт”, аўтар гімна настаўнікаў раёна, гімна школы і гімна выпускнікоў. Памерла ў кастрычніку 2023 г.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2023 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2022.– С. 24.
  2. Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А.Р.Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 585.
  3. Рамуальда Ануфрыева: старонкі жыцця і творчасці. – Рэжым доступу: https://www.osh.by/?p=93604

Арлоўскі Валерый Мікалаевіч (1945).  Палкоўнік, кандыдат ваенных навук (1984), дацэнт (1991). Нарадзіўся 03.03.1945 г. ва Уруччы  Мінскай вобласці. Закончыў Гальшанскую СШ (1963), Мінскае вышэйшае  інжынернае   радыётэхнічнае вучылішча войскаў проціпаветранай абароны (1968), Ваенную   камандную  акадэмію   проціпаветраных   войскаў(1978), ад’юнктуру пры гэтай акадэміі. У 1968 – 1996 гг. служыў ва Узброеных сілах СССР і Расіі: намеснік камандзіра батарэі дывізіёна проціпаветранай абароны, камандзір батарэі, камандзір дывізіёна; выкладчык, старшы выкладчык, намеснік начальніка кафедры  Горкаўскага вышэйшага  зенітна-ракетнага каманднага вучылішча проціпаветранай абароны. З 1996 г. у запасе. Закончыў Ніжагародскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт (1997), працаваў у адміністрацыі Ніжняга Ноўгарада (Расія).

Крыніцы інфармацыі:

  1. Арлоўскі Валерый Мікалаевіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2015.–С. 23.
  2. Арлоўскі Валерый Мікалаевіч   // Памяць:  гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 573.

Архіповіч Мікалай Васільевіч (1914 – ?)  Нарадзіўся ў 1914 г.  Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, малодшы лейтэнант. Ваяваў у складзе кавалерыйскіх часцей Чырвонай арміі і пяхотных часцях Войска польскага. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна” і інш.

 

Крыніцы інфармацыі:

  1. Архіповіч Мікалай Васільевіч (1914 – ?)   // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2014 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2014. – С. 5.
  2. Вярнуліся пераможцамі : горад Ашмяны. Архіповіч Мікалай Васільевіч // Памяць:  Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 381.

Арцем’ева Зінаіда Яфімаўна, наралзілася 07.01.1926 г.  у в.Коскі Рослаўльскага  раёнана Смаленскай вобласці (Расія).  Заслужаны настаўнік Беларусі (1968), ардэнаносец. З  1950 г. працавала  ў школах г.Ашмяны: настаўніца хіміі і біялогіі СШ №1 (1950–1951) і СШ №2 (1951–1987). Памерла ў 2011 г.

 

Крыніцы інфармацыі:

Арцем’ева Зінаіда Яфімаўна : Вызначыліся працай // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А.Р.Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 561.


Арэхва Мікалай Сямёнавіч (1902 – 1990), нарадзіўся 24.11.1902 г. у в.Баруны Ашмянскага раёна. Дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык. Заслужаны работнік культуры БССР (1981), член КПСС з 1920 года.
      У 1919 г. змагаўся супраць войск Юдзеніча, польскіх інтэрвентаў. У 1920 – 1923 гг. сакратар Наўгародскіх павятовага і губернскага камітэтаў РКСМ. З верасня 1923 г. у апараце ЦК РКСМ. У 1924 г. старшыня Часовага Беларускага Бюро ЦК РКСМ, першы сакратар ЦК КСМБ. Са студзеня 1925 г. на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі: сакратар Віленскага акруговага камітэта, член ЦК КПЗБ. У сакавіку 1926 г. арыштаваны і 5 гадоў быў зняволены ў турмах Польшчы. У 1934–1935 гг. узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ. Дэлегат ІІІ канферэнцыі (1926), ІІ з’езда (1935) КПЗБ, УІІ кангрэса (1935) Камінтэрна. З мая 1935 г. член Бюро, з ліпеня 1936 г. прадстаўнік ЦК КПЗБ пры арганізацыйным апараце ЦК кампартыі Польшчы ў Празе. Са снежня 1939 г. у СССР. У Вялікую Айчынную вайну з 1944 г. у Войску польскім. З 1945 г. у апараце Міністэрства грамадскай бяспекі ПНР. У 1956-1984 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
      Аўтар даследаванняў і мемуараў, складальнік дакументальных зборнікаў па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, у т.л. калектыўнай манаграфіі “Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921 – 1939)” (1966), зборнік успамінаў “У суровыя гады падполля” (1958), “Рэвалюцыйны рух у Заходняй Беларусі ў гады белапольскай акупацыі” (1958), «Дела и люди КПЗБ: Воспоминания» (1983).

Крыніцы інфармацыі:

1. Арэхва Мікалай Сямёнавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016.– С. 36.
2. Арэхва Мікалай Сямёнавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 222–223. (Актыўныя дзеячы КПЗБ і ўдзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху).
3. Бараноўскі, Я. Яго ведалі ў Маскве, паважалі ў Варшаве: аб М. С. Арэхва/ Яўген Бараноўскі ; фота // Звязда. — 2018. – 15 мая. – С. 6.
4. Каранеўскi, А. Чалавек з легендарнай кагорты: да 100-годдзя М.С.Арэхвы, ураджэнца в.Баруны, гiсторыка, дзеяча рэвалюц. руху Зах. Беларусi // Ашмян. весн. –2002 – 4 снеж. –C. 2.
5. Карлюкевіч, А. Ашмяны / Алесь Карлюкевіч; фота // Карлюкевіч, А. Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы : краязн. нарысы / Алесь Карлюкевіч. – Мінск, 2013. – С. 4 – 7.


Астрамовіч Гелена Іосіфаўна, нарадзіўся 12.06.1929 г. у в.Канстанцінава Смаргонскага раёна. Перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, ардэнаносец.. Закончыла пачатковую школу. Працоўную дзейнасць пачала з 1945 г. У 1960–1988 гг. у саўгасе “Гальшаны”: жывёлавод, рабочая. Узнагароджана двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976, 1981), ордэнам “Знак Пашаны”, медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна” (1970).

Крыніцы інфармацыі:

1. Астрамовіч Гелена Іосіфаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2019 год/ склад. Г.У. Палубінская. – Ашмяны, 2018. – С. 17.
2. Астрамовіч Гелена Іосіфаўна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 549. (Вызначыліся працай).


Астрамовіч Іван Францавіч (1939 – 1979). Самадзейны мастак (жывапіс, лепка, разьба па дрэве). Нарадзіўся ў 1939 г. у в.Навасяды Ашмянскага раёна. Вучыўся ў Гальшанскай сярэдняй школе, працаваў мастаком-афарміцелему Ашмянах у кінатэатры імя Гастэлы. У 1960–1970-ыя гады стварыў свае лепшыя творы: “Герой Сацыялістычнай Працы Р.І.Цітко”, “Аўтапартрэт”, “Юнацтва”, “Фашызм не пройдзе” “Рукадзельніца”, “Волат”, “Хлебароб”, “Стары дойлід”, “Гусляр”, “Смуткуючая маці” і інш. Работы І.Ф.Астрамовіча захоўваюцца ў музеях Мінска, Гродна, Ашмяны. Экспанаваліся на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. На студыі “Беларусьфільм” аб народным умельцы быў зняты фільм пад назвай “У першых радках майго пісьма”. Памёр у 1979 г.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Астрамовіч Іван Францавіч (1939 – 1979) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2024 год / склад. Г.У. Палубінская.— Ашмяны, 2023. — С. 16.
  2.  Астрамовіч Іван Францавіч:  з крыніц народных: самадзейныя паэты, мастакі. Скульптары, кампазітары, народныя ўмельцы // Памяць:  гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А. Р. Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 585.

Аўсюкевіч Тэрэса Мікалаеўна, нарадзілася 18.03.1949 г. на х.Людвінава Ашмянскага раёна. Перадавік сельскагаспадарчай  вытворчасці Ашмяншчыны, ардэнаносец.  Закончыла СШ №2 г.Ашмяны (1966). З  1970 г. працавала даяркай  у  калгасе  “Маяк”. Па выніках   1986 г.   стала    пераможцай    у    раённым сацспаборніцтве (надаіла па 4135 кілаграмаў малака ад кожнай каровы). Узнагароджана ордэнамі Працоўнай славы ІІ (1986) і ІІІ (1990) ступеней, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Аўсюкевіч Тэрэса Мікалаеўна: Вызначыліся працай : ардэнаносцы // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А.Р.Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. . – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 549.
  2. Аўсюкевіч Тэрэса Мікалаеўна (1949) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2024 год / склад. Г.У. Палубінская.— Ашмяны, 2023. — С. 21.

Аўдзееў Аляксандр Мікалаевіч (1906–1941). Лётчык, удзельнік баёў пад Ашмянамі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся ў 1906 г. у в.Новалугавое Жэрдзеўскага раёна Тамбоўскай вобласці. Закончыў школу  Ваенна-Паветраных  Сіл. Удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь (1939). У чэрвені 1941 г. – намеснік камандзіра эскадрыллі 43-га блізкабамбардзіровачнага авіяпалка 12-й змешанай авіядывізіі. Полк дыслацыраваўся ў Віцебску, з пачаткам вайны – пад Полацкам. 25 чэрвеня 1941 г. удзельнічаў у баях пад Ашмянамі. Здзейсніў вогненны  таран, накіраваўшы самалёт у калону варожых войск, якая рухалася па дарозе Драглёўцы – Дзертнікі ў накірунку Гальшаны – Валожын. Экіпаж самалёта СУ-2 лётчык А.М.Аўдзееў і штурман П.П.Страленка загінулі.
       Сям’я – жонка Раіса Мікітаўна, дачка Святлана і сын Вадзім, жылі ў Таганрогу.
       Імем А.М.Аўдзеева названы вуліца і завулак у г.Ашмяны. На месцы гібелі экіпажа на абочыне дарогі  Драглёўцы – Дзертнікі ўстаноўлены помнік.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Аўдзееў Аляксандр Мікалаевіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2016 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016.–С. 8–9.
  2. Аўдзееў Аляксандр Мікалаевіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 287.
  3. Журавлёва, Н. Герои из легенды : О лётчиках П.Ф.Стреленко и А.Н.Авдееве, которые погибли на Ошмянщине в Велик. Отечеств. войну. 1941 г. / Н.Журавлёва ; Фото // Ашмян. весн.. – 2005. – 12 сак.. – C.4
  4. Мурина, С. Имя на памятнике / Светлана Мурина ; фото // Гродзенская праўда. – 2015. — 22 крас. — С. 8.