Бабарыкіна Ганна Іванаўна (1922–2005), нарадзілася 01.07.1922 г. Педагог, Заслужаны настаўнік Беларусі (1965), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, грамадскі дзеяч. Месца нараджэння – в.Мялыні Усвяцкага р-на Смаленскай вобл. (Расія). Закончыла Веліжскае педагагічнае вучылішча (1940). У перадваенны час выкладала гісторыю ў Шаршнёўскай СШ Усвяцкага р-на. Удзельніца партызанскага руху: памочнік камісара па камсамоле ў партызанскім атрадзе “Кастрычнік”, пазней на той жа пасадзе ў брыгадзе “Кастрычнік”. У 1944 – 1945 гг. першы сакратар Пліскага райкама камсамола, інструктар Вілейскага абкама камсамола.
З сакавіка 1945 г. у Ашмянскім р-не: першы сакратар РК ЛКСМБ (1945 – 1946), настаўніца гісторыі ў СШ №1 і №2 (1946–1995). Закончыла Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага (1957). Узнагароджана ордэнамі Каст-рычніцкай Рэвалюцыі (1971), “Знак Пашаны” (1960), іншымі ордэнамі і медалямі. Выбіралася народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання (1990).
Крыніцы інфармацыі:
- Бабарыкіна Ганна Іванаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 29.
- Бабарыкіна Ганна Іванаўна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 561. (Вызначыліся працай. Заслужаны настаўнік).
- Николаев, Ю. Вся жизнь – служение людям / Юрий Николаев // Красное знамя. – 1973.–30 июня. – С. 3.
О заслуженной учительнице БССР А. И. Боборикиной, бывшей партизанке.
Багдановіч Галіна Вікенцьеўна нарадзілася 30 верасня 1947 года ў в. Гродзі Ашмянскага раёна. З 1966 года працавала даяркай на ферме Гродзі калгаса імя Крылова. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), медалём “За працоўную адзнаку” (1973). Памерла 24.10.1994 годзе.
Крыніцы інфармацыі:
1. Багдановіч Галіна Вікенцьеўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016.– С. 33.
2. Багдановіч Галіна Вікенцьеўна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С.549. (Вызначыліся працай. Ардэнаносцы).
Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч (1840 – 1900). Паэт, празаік, публіцыст, рэвалюцыйны дэмакрат. Нарадзіўся 21.03.1840 г. у былым фальварку Свіраны Вільнюскага раёна, Літва. Бацька, Казімір Восіпавіч і маці, Канстанцыя Галаўня, паходзілі з незаможнай мясцовай шляхты. У перыяд паміж 1841 г. і 1846 г. сям’я Багушэвічаў пераехала ў невялікі маёнтак Кушляны, атрыманы бацькам у спадчыну ў 1837 г. У 1852 г. Францішак разам з братам Валяр’янам паступіў у чатырохкласную базыльянскую школу, потым вучыўся ў гімназіі, якую закончыў у 1861 г. Асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства. У 1861 г. Ф.Багушэвіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе пачаліся тады студэнцкія хваляванні, у якіх ён прымаў удзел, за што і быў выключаны з універсітэта. Вярнуўшыся на радзіму, прыняў удзел у грамадска-рэвалюцыйным руху. Каб быць бліжэй да народа, уладкаваўся настаўнікам у народнай школе в.Доцішкі Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён). Удзельнічаў у паўстанні 1863 г. Пасля разгрому паўстання Ф.Багушэвічу ўдалося выехаць на Украіну. У 1865 г. паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, які закончыў у 1868 г. Працаваў судовым следчым на Украіне, потым адвакатам у Вільні.
У 1874 г. ажаніўся з зямлячкай Габрыеляй Міхайлаўнай Шкленік. У іх нарадзіліся дзеці: дачка Канстанцыя, сыны Тамаш і Валяр’ян.
Працуючы адвакатам Ф.Багушэвіч адстойваў правы простых людзей.
Вершы Ф.Багушэвіч пачаў пісаць у юнацкім узросце. Шматлікія вершаваныя творы склалі 2 паэтычныя зборнікі, выдадзеныя па цэнзурных умовах за мяжою: “Дудка беларуская” (1891), “Смык беларускі” (1894). Асноўныя тэмы творчасці Ф.Багушэвіча: жыццё беларускага народа, барацьба з прыгнятальнікамі, адносіны да роднага слова.
У 1898 г. Ф.Багушэвіч цяжка захварэў і перабраўся жыць у Кушляны. У 1900 г. памёр. Пахаваны на могілках у Жупранах.
У савецкі час творы Ф.Багушэвіча сталі духоўным набыткам усяго народа. У цэнтры Жупран і на яго магіле пастаўлены помнікі. Імя Ф.Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, Жупранскай сярэдняй школе. Адрэстаўрыравана сядзіба ў Кушлянах, дзе створаны літаратурны музей.
Крыніцы інфармацыі:
- Александровіч, С. Х. Па слядах паэтычнай легенды / Сцяпан Александровіч. – Мн. : Народная асвета, 1965. – 175с.
- Александровіч, С. Х. Тут зямля такая : для сярэд. i ст. шк. узросту / Сцяпан Александровіч. – 2-е выд., дапрац. i дап.. – Мн. : Народная асвета, 1985. – 256 с.
- Александровіч.Сцяпан, Х. Незабыўнымi сцежкамі : Нарысы аб бел. пiсьменнiках / Александровіч.Сцяпан Хусейнавіч.. – Мн. : Вучпедвыд БССР, 1959. – 135с.. – (Школьная бiблiятэка).
- Багдановіч, І. “Дар музыкі — то твой дар, Божа” // Роднае слова.- 2010.- № 3.- С. 3-7.
- Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2015.–С. 25-26.
- Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 146—149.
- Александровіч, С. Х. Гісторыя і сучаснасць : лiт.-крытыч. артыкулы / Сцяпан Александровіч. – Мн. : Беларусь, 1968. – 255с. ББК 83.3(4Беи)
- Бароўка, В. Ю. Францішак Багушэвіч у беларускім літаратуразнаўчым дыскурсе пачатку XX ст. / Ванда Бароўка // Роднае слова. – 2015. – № 3. – С. 3-6.
- Барысенка, В. В. Францiшак Багушэвiч i праблема рэалiзма ў беларускай лiтаратуры XIX стагоддзя / Барысенка, Васiлiй Васiльевiч; АН БССР, Iн-т лiт. i мастацтва. – Мн.: АН БССР, 1957. – 365 с.
- Барысенка, В. В. Францiшак Багушэвiч i праблема рэалiзма ў беларускай лiтаратуры XIX стагоддзя / В.В.Барысенка ; АН БССР, Iн-т лiтаратуры i мастацтва. – Мн. : Выдавецтва АН БССР, 1957. – 365с.
- Бельскі, А. “Быць чалавекам…” // Роднае слова.- 2010.- № 6.- С. 20-22.
- Берасцень, С. Пачаткам было слова // Лiтаратура i мастацтва.- 2009.- № 33 (4 верасня).- C. 10.- Сядзiба муз).
- 12 Варавва, А. Жупраны и Солы / Анатолий Варавва ; фото // Путешественник. – 2006. – 15 дек.- 16 февр.. – C.4
- Волынец, Н. Кушлянские встречи / Наталия Волынец ; фото // Гродзенская праўда. – 2010. – 19 мая. – С. 3.
- Волынец, Н. Слава слову и Богушевичу / Наталия Волынец // Гродзенская праўда. – 2009. – 18 крас. – С.5.
- Драздова, З. У. Хрысціянскія матывы ў творчасці Францішка Багушэвіча / Зінаіда Драздова // Полымя. – 2018. — № 6. — С.120—124. УДК 821(470+571).09 ББК 83.3(4БЕИ)
- Жыбуль, В. В. Францішак Багушэвіч як народны герой: паводле “Версій і легенд” Вульфа Сосенскага / Віктар Жыбуль // Роднае слова. – 2015. – № 3. – С. 7-9.
- Запрудскi, I. Новыя аспекты вывучэння творчасці Францішка Багушэвіча // Род.слова.- 2001.- N3.- C.52-56
- Запрудскі, І. Самы слынны з пакалення беларускіх нігілістаў // Маладосць.- 2010.- № 10.- С. 125-128.
- Згрундо, І.Г. Скрыжаванне Францішка Багушэвіча // Беларуская мова і літаратура.- Серыя “У дапамогу педагогу”.- 2010.- № 1.- С. 42-45.
- Ізбіцкая, І. С. Мой Багушэвіч [Рукапісная кніга] : [верш] / Ірына Ізбіцкая ; [мастацкае афармленне аўтара]. – [Ашмяны, 2015]. – [23] с.
- Іменем чалавечнасці : зб. крытыч. артыкулаў / склад. К.I.Краўцова. – 2-е выд., перапрац. i дап.. – Мн. : Народная асвета, 1986. – 207с.
- Кiсялёў, Г. В. Ад Чачота да Багушэвiча : Праблемы крынiцазнаўства i атрыбуцыi беларускай лiтаратуры XIX ст. / Г.В.Кiсялёў ; НАН Беларусi, Iн-т лiт. имя Я.Купалы. – 2-е выд.. – Мн. : Беларуская навука, 2003. – 426с.
- Казека, Я. Гартаванне слова : Выбранае / Казека, Янка.. – Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1985. – 432с.
- Кісялёў, Г. В. Радаводнае дрэва : Калiноўскi – эпоха – наступнiкi / Кісялёў, Генадзь Васільевіч ; Генадзь Кiсялеў. – Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1994. – 303 с.
- Кісялёў, Г. Сейбіты вечнага : артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў рэвалюцыйнага руху 1863 года / Генадзь Кісялёў. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1963. – 301, [2] с.
- Праскаловіч, В.У. Вывучэнне апавядання Францішка Багушэвіча “Тралялёначка” // Бел. мова і літ.- 2002.- N2.- C.73-87.
- Пра таварышаў па пяру : зборнік крытыч. артыкулаў / склад. К.I.Краўцова. – Мн. : Народная асвета, 1976.- 224с.
- Рагойша, В. Метрычны рэпертуар вершаваных твораў Францішка Багушэвіча // Роднае слова.- 2010.- № 10.- С. 8-11.
- Рагойша, В. Францішак Багушэвіч у інтэр’еры стагоддзя // Беларуская думка.- 2010.- № 3.- С. 114-120.
- Самойлова, Т. В поисках наследия / Татьяна Самойлова // Знамя юности. – 2009. – 4-10 сент.. – C.9.
- Свірын, І. Пад заваламі свіранскага “цунамі” : замест зацікаўленасці – абыякавасць / Ілья Свірын // Культура. – 2014. – 28 чэрв. (№ 26). – С. 4-5.
- Снітко, Г. Францішак Багушэвіч у школьнай праграме // Роднае слова.- 2007.- №8.- C.40-43.
- Содаль, У. “Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею…” // Пачатковая школа.- 2008.- №1.- C.47-49.
- Содаль, У. “От быў чалавек…” // Род.слова.- 2001.- N4.- C.94-98.
- Содаль, В. Чтоб за Родину умереть был готов : К 160-летию со дня рожд. бел. поэта Ф.Богушевича // Во славу Родины. – 2000.. – 21 марта. – С.4
- Содаль, У. I. Жупранская старонка / Содаль, Уладзiмiр Iллiч.. – Мн. : Полымя, 1992. – 63с.
- Содаль, У. I. Кушлянскi кут / Содаль,Уладзiмiр Iллiч.. – Мн. : Полымя, 1990. – 63с. ББК 83.3(2=Бело)5-8
- Содаль, У. I. Свiранскiя крэскi / У.І.Содаль. – Мн. : Полымя, 1995. – 94,[2]с.
- Содаль, У. I. Сцёжкамi Мацея Бурачка : Пошукi, замалёўкi, нарысы / Содаль,Уладзiмiр Iльiч.. – Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1990. – 197с.
- Тайны кушлянского юриста / фото // Беларусь сегодня. – 2010. – 20 марта. – C.16-17
- Францiшак Казiмiравiч Багушевiч (1840-1900) : да 150-годдзя з дня нараджэння / Гродз. абл. аддз. Бел. фонду культуры, Гродз. абл. б-ка iмя Я.Ф.Карскага ; склад. А.П.Госцеў, Г.М.Рыгiлевiч. – Гродна, 1990. – 22с.
- Францішак Бенядзікт Багушэвіч : жыццё і творчасць / склад. У.Содаль, Е.Мацюш ; маст. М.Купава. – Мн. : Народная асвета, 1986. – 103с.
- Цвірка, К. Зорка філаматаў : нарысы, эсэ / Кастусь Цвірка. – Мінск : Беларуская навука, 2017. – 547, [1] с.
- Чарнякевіч, Ю. След у след за… Багушэвічам // Культура(бел).- Мінск.- 2009.- № 36.- C. 7.- Майстэрня).
- Чэчат, А. Шляхамі Францішка Багушэвіча// Роднае слова.- 2010.- № 5.- С. 81-83.
- Якаўлева, Р. Францішак Багушэвіч: “Ідзе ж цяпер Беларусь?…Гдзе наша мовы жывець…” // Бібліятэка прапануе.- 2005.- №1.- С.14-16.
- Янушкевіч, Я. Чароўная дудка // Полымя.- 2010.- №3.- С. 138-141.
- Вiшнеўская, В. Сем цудаў Ашмяншчыны// Ашмян. весн. – 2009. – 4 крас. – C.5.
- Кiсялёў, Г. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч// Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C.146-149.
- Шакола, П. Францішак Багушэвіч і Жупраны// Ашмян. весн. – 2008. – 19 сак. – C.4.
- 51. Шчучэнка, I. На берагах хуткай Ашмянкі// Наст. газ. – 2008. – 17 крас. – C.12.
Балінская Галіна Іванаўна (1956), нарадзілася 10.12.1956 г. у в.Васюкі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці. Перадавік сацыяльна-культурнай сферы, культработнік. Закончыла Сольскую СШ (1973), Гродзенскае культасветвучылішча (1975), Мінскі інстытут культуры (1984). З 1975 г. у Ашмянах. Працавала метадыстам Ашмянскага РДК, старшым інспектарам аддзела культуры Ашмянскага РВК. 1.09.1997 г. Г.І.Балінская назначана загадчыкам аддзела культуры Ашмянскага РВК, з 1.07.2013 г. па 1.11.2015 г. – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага РВК. Выбіралася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.
Высокі прафесійны ўзровень дапамагаў Галіне Іванаўне выкарыстоўваць у рабоце сучасныя інавацыйныя метады. Сведчаннем гэтага з’яўляецца рэалізацыя міжнародных праектаў, прыцягненне інвестыцый у культуру.
За шматгадовую плённую працу, асабісты ўклад у развіццё самадзейнага мастацтва ў раёне Г.І.Балінская ўзнагароджана Нагрудным Знакам Міністэрства культуры Беларусі (2013), Ганаровым знакам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (2015), Ганаровай граматай Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (2005), іншымі граматамі абласнога і раённага ўзроўняў.
Крыніцы інфармацыі:
1. Балінская Галіна Іванаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2020.– С. 38-39.
2. Г.І.Балінская // Культура Гродзеншчыны: Факты. Падзеі. Асобы /уклад. Л. М. Мальцава. – Мінск: Выдавецкі дом “Звязда”, 2014. – С.243.
Балыш Андрэй Мікалаевіч (1976), нарадзіўся 19.04.1976 г. у г.Ашмяны. Кандыдат гістарычных навук (2003), дацэнт. Закончыў з адзнакай
СШ №2 (1993), Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы (гістарычны
факультэт, 1998), аспірантуру Маскоўскага авіяцыйнага інстытута (МАІ) (2002).
Працаваў настаўнікам гісторыі ў Гальшанскай СШ Ашмянскага раёна,
выкладчыкам гісторыі ў МАІ. Апошнія 6 гадоў сумяшчае працу ў МАІ з
выкладаннем у Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя М. Э.
Баўмана (МДТУ імя Баўмана).
Барбашынскі Андрэй Станіслававіч, 04.05.1970 г. у г.Ашмяны. Чэмпіён ХХV Алімпійскіх гульняў 1992 г. у Барселоне (Іспанія), выступаў у складзе аб’яднанай каманды СНД па гандболу. Заслужаны майстар спорту СССР (1992). Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны (2006). Свой чэмпіёнскі шлях пачаў у 12 гадоў у ДЮСШ г. Ашмяны пад кіраўніцтвам трэнера Віктара Рамулевіча. Выступаў за гандбольны клуб “СКА-Мінск” (1988–1995) пад кіраўніцтвам знакамітага трэнера Спартака Мірановіча (з адным гадавым перапынкам 1993–1994, калі выступаў за іспанскі гандбольны клуб “Хувентуд”). Пазней паспрабаваў свае сілы ў венгерскім “Фотэксе”, доўгі час выступаў за нямецкія клубы “Хамельн”, “Эмсттэдэн”. Іншыя спартыўныя дасягненні: чэмпіён свету сярод юніёраў 1989 г., бронзавы прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў 1991 г., чэмпіён СССР 1989 г., сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР 1990 г., бронзавы прызёр чэмпіянату СССР 1991 г., сярэбраны прызёр чэмпіянату СНД 1992 г., уладальнік Кубка СССР 1989 г.
Сёння Андрэй Барбашынскі жыве ў Беларусі, у г. Мінску. Працуе дырэктарам УА “Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву” (РДВАР, з 29.07.2024), з’яўляецца намеснікам старшыні грамадскай арганізацыі “Беларуская федэрацыя гандбола”. Званне “Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны” прысвоена рашэннем Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў №18-7 ад 19.09.2006 г. за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на ХХV летніх Алімпійскіх гульнях 1992 года ў Барселоне (Іспанія), асаблівыя заслугі ў развіцці фізічнай культуры і спорту, вялікі ўклад у прапаганду ідэй алімпійскага руху ў горадзе Ашмяны і Ашмянскім раёне. Устаноўлена правядзенне міжнароднага турніру па гандболу сярод юнакоў на прызы алімпійскага чэмпіёна Барбашынскага А. С.
Крыніцы інфармацыі:
1. Барбашинский Андрей Станиславович. – Рэжым доступу: http:// ru.wikipedia.org/wiki.
2. Долготович, Б.Д. Барбашинскій Андрей Станиславович/ Б.Д.Долготович// Почетные граждане белорусских городов: биограф. справочник. – Минск: Беларусь, 2008. – С. 230.
3. Красковский, В. Почёт за бой, почёт за труд / Валентин Красковский // Гродзенская праўда. – 2006. – 7 кастр.. – C.2.
4. Попко, И. Ю. Андрей Барбашинский: о выдающемся спортсмене Ошмянского района / И.Ю. Попко // Звезды гродненского спорта. – Мн.: Попурри, 2007. – C.129-133.
5. Рыбік, Л. Верны сын сваёй краіны: аб алімпійскім чэмпіёне А.Барбашынскім/ Людміла Рыбік // Ашмянскі веснік. – 2018 – 16 мая (№ 36). – С.5. (Сэрцам адданы роднай зямлі).
Баркоўскі Чэслаў-Сцяпан Восіпавіч, нарадзіўся 17.03.1947 г. у в.Бычкі Ашмянскага раёна. Перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, ардэнаносец, Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны (2008). Працаваў трактарыстам у калгасе імя Ільіча. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнай славы ІІІ (1976) і ІІ (1986) ступеней.
Крыніцы інфармацыі:
Баркоўскі Чэслаў-Сцяпан Восіпавіч: Вызначыліся працай. Ардэнаносцы// Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А.Р.Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С.549.
Басько Іван Кузьміч (1925 – 2014). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, Ганаровы грамадзянін г.Ашмяны. Нарадзіўся 1.01.1925 г. у в.Заберазь Іўеўскага раёна, у сялянскай сям’і. У 1939 г. закончыў 7 класаў. У 1943 г. стаў сувязным партызанскага атрада, у снежні 1943 г. залічаны ў партызанскі атрад «Белорусский мститель» брыгады «Вперед». Удзельнічаў у рэйкавай вайне перад пачаткам аперацыі «Багратион». Пад Беластокам у ліпені 1944 г. залічаны ў 2-гі Беларускі фронт, 5-ю Арлоўскую дывізію, у 336 стралковы полк, радавым кулямётчыкам. Пасля накіраваны на перадавую, на 2-гі Беларускі фронт разведчыкам-назіральнікам у 5-ю мінамётную брыгаду, у 2-ю артылерыйскую дывізію РГК у раёне Данцыгскага калідора. У 1945 г. – разведчык-назіральнік у 48-й гвардейскай цяжка-гаўбічнай артылерыйскай брыгадзе, тут прысвоена званне гвардейца. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі «За отвагу», «За взятие Берлина», «За Победу в Великой Отечественной войне 1941-1945», «За взятие Варшавы», «За взятие Кенигсберга»; у мірны час – ордэнамі «Знак почета» (1966), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973).
У 1960 г. пераехаў у Ашмянскі раён. Працаваў на кіруючых пасадах у галіне сельскай гаспадаркі. У 1995 г. пайшоў на заслужаны адпачынак. З’яўляўся кіраўніком ветэранскай арганізацыі СВК імя Багушэвіча. У 2009 г. прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны”. Памёр 26.06.2014г.
Крыніцы інфармацыі:
- Басько Іван Кузьміч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2015.–С. 19 – 20 .
- Басько Іван Кузьміч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 549—550.
- Босько Иван Кузьмич: краткие биографические сведения // Почетные граждане. – Режим доступа http://oshmiany.gov.by/ru/pochetnye-grajdane-ru/
Батурын Аляксандр Восіпавіч (1904–1983), нарадзіўся 17.06.1904 г. у Ашмянах. Рускі спявак (бас-барытон), народны артыст РСФСР (1947), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1943). З сям’і настаўнікаў, якія ў 1911 г. пераехалі ў Адэсу. Закончыў Ленінградскую кансерваторыю (1925). У 1927–1958 гг. саліст Вялікага тэатра оперы і балета (Масква). З 1948 г. вёў адначасова клас оперных спеваў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1962 г. прафесар). Выступаў як канцэртны спявак. Гастраляваў у пасляваенны час у Польшчы, Чэхіі, ГДР, Бельгіі, Італіі, Англіі.
Крыніцы інфармацыі:
Батурын Аляксандр Восіпавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал. : Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 568 – 569.
Бізюк Уладзімір Аляксандравіч, нарадзіўся 25.05.1955 г. у в.Солы Смаргонскага раёна Гродзенскай воблаці. Педагог, Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны (2019). Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, фізічны факультэт. Пасля заканчэння быў накіраваны на працу ў г.Светлагорск Гомельскай вобласці. З 1985 г. у Ашмянах. На працягу 1996-2019 гг. дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Ашмянская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў”. За шматгадовую працу і значны асабісты ўклад у сістэму адукацыі Ашмянскага раёна рашэннем Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў № 67 ад 26.06.2019 г. прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г.Ашмяны”.
Крыніцы інфармацыі:
1. Бізюк Уладзімір Аляксандравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2020 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2019.– С. 26–27.
2. Бизюк Владимир Александрович: краткие биографические сведения // Почетные граждане. – Режим доступа: oshmiany.gov.by/ru/pochetn….
Бітэль Леакадзія Уладзіславаўна (1939) Перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, ардэнаносец. Нарадзілася 25.09.1939 г. у в.Слабада Ашмянскага раёна. У 1961 – 1989 гг. працавала жывёлаводам і паляводам у саўгасе “Гальшаны”. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны” (1973), медалямі “За працоўную адзнаку” (1971), “За доблесную працу” (1970). Выхавала 5 дзяцей.
Крыніцы інфармацыі:
- Бітэль Леакадзія Уладзіславаўна: вызначыліся працай: ардэнаносцы // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А. Р. Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 550.
- Бітэль Леакадзія Уладзіславаўна (1939) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2024 год / склад. Г.У. Палубінская.— Ашмяны, 2023. — С. 30.
Бязмен Уладзімір Архіпавіч (1943), нарадзіўся 12.07.1943 г. Вучоны медык, кандыдат медыцынскіх навук (1977). Месца нараджэння – в.Барыт Гур’еўскага раёна Кемераўскай вобласці. З дзяцінства жыў у Ашмянах. Закончыў 7 класаў сярэдняй школы №1 г. Ашмяны (1957), Ашмянскае медыцынскае вучылішча (1960), Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1971), інтэрнатуру па анкалогіі, рэанімацыі з анестэзіялогіяй у Навукова-даследчым інстытуце анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава (1972), аспірантуру пры ім (1976). Служыў у Савецкай арміі (1962–1965).
Працоўную дзейнасць пачаў загадчыкам Каменналогскага фельчарска-акушэрскага пункта (1960–1962), потым працаваў у навукова-даследчым інстытуце анкалогіі ў Мінску ўрачом. Там упершыню распрацаваў новы метад лячэння анкалагічных хворых з дапамогай гіпертэрміі (высокай тэмпературы), якім зацікавіліся ўрачы з Японіі, Расіі, Аўстраліі, краін Заходняй Еўропы. Урач вышэйшай катэгорыі (1992). У 1979 – 1992 гг. адначасова з працай у інстытуце выкладаў на кафедры анкалогіі Акадэміі паслядыпломнага навучання. У 1985 г. упершыню ў СССР арганізаваў навучанне анколагаў лекавым метадам, у 1992 г. арганізаваў першае ў Рэспубліцы Беларусь аддзяленне рэабілітацыі анкалагічных хворых (на базе былога пансіяната ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР). З 1994 г. загадчык аддзялення хіміятэрапеўтычных метадаў лячэння ў Мінскім гарадскім анкалагічным цэнтры. Аўтар 3 адкрыццяў, 11 рацыяналізатарскіх прапаноў, больш за 80 навуковых артыкулаў. Удзельнік больш за 30 міжнародных кангрэсаў і канферэнцый, член Еўрапейскай школы па анкалогіі.
Крыніцы інфармацыі:
1. Бязмен Уладзімір Архіпавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2017. – С. 26 –-27.
2.Бязмен Уладзімір Архіпавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 574 – 575. (Звязаны лёсам з Ашмяншчынай).







