5 лістапада ў ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” адбыўся раённы семінар бібліятэчных работнікаў “Сучасныя практыкі духоўна-маральнага выхавання ў бібліятэчнай прасторы”. Праграма мерапрыемства была насычанай і аб’яднала прадстаўнікоў органаў улады, духавенства і бібліятэчнай супольнасці. Удзельнікі і госці змаглі азнаёміцца з выставамі «У души нет срока давности», «Тихие смыслы громких книг», а таксама з аўтарскай выставай іканапісу Ядвігі Сянько «Свет лучезарной иконы».
Семінар адкрыла дырэктар Ашмянскай раённай бібліятэкі Н.В.Садоўская. Яна падкрэсліла, што сучасная бібліятэка выйшла за рамкі класічнага кнігасховішча і сёння з’яўляецца паўнавартасным цэнтрам фарміравання духоўных каштоўнасцей і маральнага развіцця грамадства. Напачатку выступілі: начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ашмянскага РВК В.Л.Шыдлоўская з тэмай “Канфесійная палітра Ашмяншчыны: гісторыя, традыцыі, сучаснасць”, дзе падрабязна асвятліла гістарычную спадчыну і бягучы стан рэлігійнай сферы рэгіёна; Благачынны Ашмянскай царкоўнай акругі, протаіерэй Георгій Муха з пытаннем “Праваслаўныя духоўныя традыцыі як аснова маральнага выхавання асобы”; Вікарый касцёла Святога Міхаіла Архангела г. Ашмяны ксёндз Алег Кудзерка звярнуў увагу на “Хрысціянскія каштоўнасці сям’і, міласэрнасці і паразумення”.
У рамках тэарэтычнага блока асвятляліся пытанні: “Ад традыцыйных формаў да сучасных практык: вопыт духоўна-маральнага выхавання ў бібліятэках Ашмянскага раёна” (намеснік дырэктара ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” К.І.Чайкоўская); “Ад ідэі да рэалізацыі: сучасныя фарматы духоўна-маральнага выхавання чытачоў”, метадычныя парады (загадчык сектара маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы В.А.Палубінская); “Бібліятэка як тэрыторыя каштоўнасцяў: цікавыя праекты і ініцыятывы бібліятэк Беларусі і Расіі”, агляд інавацыйнага вопыту (метадыст сектара маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Г.У.Палубінская). Бібліёграф А.І.Гушча і бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі М.І.Ганевіч правялі агляд выданняў тэматычных выстаў «У души нет срока давности», «Тихие смыслы громких книг».
Другая частка семінара прайшла ў фармаце творчай сустрэчы з мастачкай-іканапісцам Ядвігай Сянько «Свет лучезарной звезды: духовный мир в красках». Аўтар распавяла аб сваім прафесійным і духоўным шляху, спецыфіцы стварэння абразоў, рэлігійных вобразах і крыніцах творчага натхнення.
Раённы семінар стаў эфектыўнай пляцоўкай для прафесійнага ўзаемадзеяння, абмену вопытам і пошуку новых актуальных фарматаў працы.







