1939 год
Уступленне ў Ашмяны часцей Чырвонай арміі
18 верасня 1939 года ў Ашмяны ўвайшлі часці Чырвонай арміі. Першай увайшла 36-я кавалерыйская дывізія імя Сталіна. Паводле афіцыйных дакументаў, ёй разам з іншымі часцямі 2-й арміі Беларускага фронту давялося з баямі авалодаць умацаваным раёнам Ашмяны – Курмеляны – Гальшаны (Красное знамя. 1970. 17 верасня). Што тычыцца Ашмян, то “цяжкіх” баёў у вераснёўскія дні тут не адбывалася, хаця ўмацаваны раён, магчыма, і існаваў. Значная частка жыхароў павета сустрэла чырвонаармейцаў прыхільна.
Акрамя 36-й кавалерыйскай дывізіі праз раён праляглі маршруты 7-й Самарскай кавалерыйскай, 25-й, 150-й і 27-й Омскай двойчы Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі, 42-га танкавага палка і іншых вайсковых часцей.
19 верасня 1939 года ў Ашмяны з Мінска прыбылі прызначаны ЦК КП(б)Б на пасаду старшыні Часовага ўпраўлення павета К.Дз.Ганчароў і начальнік аддзела НКУС (прозвішча не захавалася; праз некалькі дзён яго змяніў Р.Дз.Сямыкін). Вечарам новая ўлада была сфарміравана. У склад упраўлення ўключылі яшчэ двух прадстаўнікоў ад мясцовага насельніцтва – рабочага Данішэўскага і ветэрынарнага ўрача Папова. Праз некаторы час былі створаны аддзелы: харчовы, прамысловы, фінансавы, аховы здароўя, народнай адукацыі, камунальны, палітасветы і сувязі. Р.Дз.Сямыкін узначаліў адміністрацыйны аддзел. У сельскай мясцовасці ствараліся валасныя і сялянскія камітэты.
Бібліяграфія:
- 80 гадоў з часу ўступлення ў Ашмяны часцей Чырвонай арміі (1939) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2019 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2018. – С. 26–27.
- Акт исторической справедливости: к 70-летию воссоединения Западной Белоруссии с БССР // Ашмянскі веснік. – 2009. –16 верасня. – C.1.
- Да новага жыцця // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 230–237.
- Памяць не гасне праз гады: з успамінаў Івана Станіслававіча Грыба, удзельніка вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 237–238.
- Кіруючыя асобы раёна (верасень 1939 – чэрвень 1941) // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 246–247.
1939 год
Выйшаў першы нумар раённай газеты “Знамя свабоды”Першы нумар раённай газеты “Знамя свабоды” выйшаў 21 кастрычніка 1939 года на беларускай мове, надрукаваны ў ашмянскай друкарні, якая была створана яшчэ ў канцы ХІХ ст. Тады яна размяшчалася на вуліцы Пілсудскага (цяпер вуліца Савецкая). Першапачаткова – орган упраўлення Ашмянскага павета і г.Ашмяны; потым – орган павятовага камітэта КП(б)Б і павятовага выканаўчага камітэта. З 5.02.1940г. – орган РК КП(б)Б і райвыканкама. У даваенны перыяд рэдактарамі газеты былі: Лабаты Макар Аляксандравіч, Іваноўскі Васіль Сямёнавіч, Яблонскі Антон Венедзіктавіч. Апошні даваенны нумар выйшаў 19.06.1941 г.

З 23.08.1943 г. па 10.06.1944 г. рэдакцыя працавала ў нелегальных умовах (выпускаліся газета “Знамя свабоды” – орган Ашмянскага падпольнага райкама партыі і партызанскай брыгады імя Гастэлы – і лістоўкі). Рэдактарам з’яўляўся Бабарыкін Уладзімір Аляксандравіч.
Пасля вызвалення газета аднавіла сваю дзейнасць пад той жа назвай. У 1944 – 1946 гг. і ў 1952 – 1977 гг. пры рэдакцыі знаходзілася і друкарня (потым стала самастойнай узбуйненай). Апошні плоскадрукаваны нумар газеты ў Ашмянскай друкарні выйшаў 15.09.1987 г., пасля чаго газета пачала друкавацца ў г.Маладзечна афсетным спосабам, з 1993 г. у Лідзе. З 2019 г. друкуецца ў ГАУПП “Гродзенская друкарня”.
З 1962 г. назва газеты «Красное знамя», з 1991 г. “Ашмянскі веснік”. З’яўляецца органам раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
З 30.01.1954 г. газета друкавалася на 4 палосах і выходзіла 3 разы ў тыдзень. З канца 1990-х – на 12 палосах 2 разы ў тыдзень.

Бабарыкін Уладзімір Аляксандравіч

Нікалаеў Юрый Іванавіч
У пасляваенны час рэдакцыя размяшчалася на вул.Барунскай, з 1992 г. у Доме Саветаў. Газету рэдагавалі: Бабарыкін У. А. (1943–1960), Карабок Я. І. (1960–1962, 1963–1968), Грышкевіч А. А. (1962–1963), Нікалаеў Ю. І. (1969–2005), Давідовіч Г. М. (2005–2018), са снежня 2018 г. – Рыбік Л. Л.
Намеснікамі рэдактара працавалі (са студзеня 1954 г.): Царэвіч В. І., Штыліўкер Л. М., Іваноў В. І., Карабок Я. І., Шчатко А. М., Каляда М. С., Аўсяннікаў М. С., Каранеўскі А. Р., з 2005 г. – Санюк А. М.
Бібліяграфія:
- Беліцкая, А. 80 год – разам! / Аліна Беліцкая // Ашмянскі веснік. – 2019. – 6 снежня (№ 93). – С. 8. Аб мерапрыемстве да 80-гадовага юбілею раённай газеты “Ашмянскі весні”.
- Верас, Л. Раўненне на майстроў журналісцкай справы / Людміла Верас // Ашмянскі веснік. – 2019. – 29 лістапада (№ 93). – С. 8. Аб творчай гасцёўні “Гісторыя. Сучаснасць, Памяць…”, якая прайшла ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча.
- Давідовіч, Г. Ад партызанскіх лістовак – да раённай газеты / Ганна Давідовіч // Ашмянскі веснік. – 2019. – 26 красавіка (№ 34). – С. 3.
- Давідовіч, Г. “Ашмянскі веснік”: 80 год пішам гісторыю разам з вамі/ Ганна Давідовіч // Ашмянскі веснік. – 2019. – 23 сакавіка (№ 22). – С. 1, 4.
- Давідовіч, Г. “Ашмянскі веснік”: 80 год пішам гісторыю разам з вамі / Ганна Давідовіч // Ашмянскі веснік. – 2019. – 12 красавіка (№ 28). – С. 4. – Заканчэнне. Пачатак у №22.
- Летапісцы даваеннай гісторыі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 24–249.
- Нікалаеў, Ю.І. На хвалі часу, у плыні жыцця: прысвячаецца сямідзесяцігоддзю раённай газеты “Ашмянскі веснік” /Ю.І.Нікалаеў”; пад рэд.: Г.М.Давідовіч, Ю.І.Нікалаеў, А.М.Санюк. – Ліда: Лідская друкарня, 2009. – 184 с.: іл.
- Раёнка, год 1939: да 70-годдзя ашмянскай раённай газеты // Ашмянскі веснік. – 2008. – 29 лістапада. – C.3.
- Раёнка паведамляла: па старонках газеты “Знамя свободы” за 1939–1940 гг. // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 249–258.
- Рэдакцыя раённай газеты // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C.518-519.
1940 год
Утвораны Ашмянскі раён
Утвораны 15 студзеня 1940 г. Размешчаны на паўночным усходзе Гродзенскай вобласці. На захадзе мяжуе з Літвой, на поўначы – з Астравецкім, на ўсходзе – са Смаргонскім, на поўдні – з Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці, на паўднёвым усходзе – з Валожынскім раёнам Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр – г. Ашмяны знаходзіцца за 220 км ад г. Гродна, 17 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны, 135 км ад Мінска, 55 км ад Вільнюса (Літва).
Першапачаткова Ашмянскі раён уваходзіў у склад Вілейскай вобласці, уключаў Гальшанскую, Граўжышкоўскую воласці, часткі Палянскай, Куцавіцкай, Сольскай, Тургельскай і Медніцкай валасцей. З 1944 года – у Маладзечанскай вобласці, з 20 лістапада 1960 года – у Гродзенскай. Тэрыторыя раёна складала 1194,5 кв. км з насельніцтвам 58,5 тыс. чалавек, у тым ліку ў г.Ашмяны – 9004 чалавек, 913 жылых забудоў. Меліся прамысловыя прадпрыемствы: дражджавы завод з электрастанцыяй магутнасцю 160 кВт, 6 гарбарных заводаў, крухмальны завод, 15 вадзяных млыноў, гарадская электрастанцыя (50 кВт) і 2 невялікія ў Гальшанах і Куцавічах, бойня, каўбасная і сталярная майстэрні, друкарня. Агульная колькасць рабочых – 266 чалавек. Населеных пунктаў на момант утварэння раёна налічвалася 818, сялянскіх гаспадарак 9139, з іх хутарскіх – 5080. Працавалі 1 сярэдняя, 2 няпоўныя сэрэднія і 2 пачатковыя школы, 87 сельскіх, бальніца на 100 ложкаў, радзільны дом на 15 ложкаў, амбулаторыя і зубалячэбны кабінет, пошта і тэлеграф. Быў арганізаваны 1 гарадскі Савет і 22 сельсаветы.
На 1 студзеня 2018 года насельніцтва раёна складала 30,8 тысяч чалавек.
Дзейнічаюць 8 прамысловых прадпрыемстваў: ААТ “Радыётэхніка”, ААТ “Белкава”, Ашмянскі дражджавы завод, ААТ “Ашмянскі торфабрыкетны завод” (в.Кальчуны), гравійна-сартавальны завод “Баруны”, ААТ “Ашмянскі мясакамбінат, ААТ “Гальшанскі крухмальны завод” (вёска Рамейкішкі).
У раёне – 8 камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемстваў (КСУП) і 27 фермерскіх гаспадарак. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў складае 50,5 тыс. га, з іх раллі 33,6 тыс. га. Глебы дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 34% тэрыторыі.
Колькасць бальнічных ложкаў ва ўстановах аховы здароўя раёна – 225.
Насельніцтва абслугоўвае Ашмянская цэнтральная раённая бальніца, бальніца сястрынскага догляду аг. Мураваная Ашмянка. 7 амбулаторый, 13 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
Сістэма адукацыі раёна прадстаўлена 28 установамі адукацыі: 1 гімназія, 6 сярэдніх школ, 8 ясляў-садоў, 2 дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, 7 вучэбна-педагагічных комплексаў Яслі-сад-школа, 1 Установа дадатковай адукацыі, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Сацыяльна-педагагічны цэнтр з аддзяленнем дзіцячага прытулку, аздараўленчы лагер “Дружба”. Працуюць тры дамы сямейнага тыпу.
Культурным абслугоўваннем насельніцтва ў раёне займаецца 36 устаноў культуры: 17 устаноў клубнага тыпу, 16 бібліятэк, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, краязнаўчы музей імя Ф. К. Багушэвіча. З 2009 года на Ашмяншчыне штогод праводзіцца фестываль сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак”.
З 21 кастрычніка 1939 года выдаецца раённая газета “Ашмянскі веснік”.
Ашмянская зямля багатая культурнымі традыцыямі, мае багатую гістарычную спадчыну. Аб гэтым сведчаць 48 помнікаў гісторыі, 11 – архітэктуры, 7 – археалогіі. На тэрыторыі раёна магілы беларускага паэта Ф. Багушэвіча (аг.Жупраны); хіміка, урача, філасофіі і асветніка А. Снядэцкага (в.Гараднікі). Сярод помнікаў архітэктуры – будынак Базыльянскага манастыра ў в.Баруны, Францысканскага кляштара і касцёла ў аг.Гальшаны, руіны Гальшанскага замка, Царква Уваскрэсення Хрыстова і Касцёл Святога Міхаіла Архангела ў г.Ашмяны, Свята-Георгіеўская царква ў аг.Гальшаны і інш.
Пункт Тупішкі геадэзічнай Дугі Струвэ
Праз тэрыторыю раёна, паблізу в.Цюпішкі, праходзіць Дуга Струвэ, якая ў чэрвені 2005 года 29 сесіяй Міжнароднага камітэта ЮНЕСКА па ахове сусветнай культурнай спадчыны ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны.
У раёне знаходзяцца помнікі прыроды рэспубліканскага значэння: валуны “Нявесцін камень”, “Жвірблішкінскі”, “Студзянецкі”, “Вялікі камень Смалянкоўскі”.
Бібліяграфія:
- 75 гадоў з часу ўтварэння Ашмянскага раёна (1940) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2015.– С. 21-22.
- Ашмянскі раён // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 2 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [ і інш.]. – Мн.: БелЭн, 1996. – С. 167–169.
- Ашмянскі раён // Культура Беларусi: энцыклапедыя. Т.1 / рэдкал.: Т.У. Бялова [і інш.]. – Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. – C.341-342.
- Ашмяншчына турыстычная: даведачнае выданне. – Мінск: ЗАТ “Юнікап”, 2008. – 24 с.
- Дакументы сведчаць // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 241–246.
- Дакументы сведчаць: даведка “Аб арганізацыі Ашмянскага раёна Вілейскай вобласці БССР” // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 241.
- Кіруючыя асобы раёна (верасень 1939 – чэрвень 1841 гг.) // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 246–249.
- Лазарчик, В. Трудная динамика обновления, или Ошмяны и УКС в ракурсе минувших десятилетий: к образования Ошмянского района / Владимир Лазарчик // Ашмян. весн.. – 2010. – 24 лютага. – C.4.
- По дорогам Ошмянского края: путеводитель . – Минск: «РИФТУР», 2010. – 48 с.
- Раёнка паведамляла: па старонках газеты “Знамя свободы” за 1939–1940 гг. // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 249–258.
- Шомоди, В. Э. Ошмянский район / В. Э. Шомоди // Маршрутами народной славы: пособие для педагогов и воспитателей. – 3-е изд., перераб. и доп. – Мн.: Университетское, 2001. – С. 196–197.
1944 год
Вызваленнне Ашмяншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Ашмянскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 7–8 ліпеня войскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюсскай наступальнай аперацыі, праведзенай 5–20 ліпеня 1944 г., якая ў сваю чаргу з’яўлялася часткай Беларускай аперацыі, вядомай пад кодавай назвай “Баграціён” (праведзена 23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 г.).
На ашмянскім напрамку баявыя дзеянні вялі чатыры арміі: 5-я і 11-я гвардзейскія агульнавайсковыя, 5-я гвардзейская танкавая і 1-я паветраная. 7 ліпеня пачаліся баі за ўмацаваны немцамі рубеж “Остваль” (“Усходні вал”), пярэдні край якога праходзіў па лініі Жупраны – р.Ашмянка – Куцавічы – м.Баруны. 11-я гвардзейская стралковая дывізія праследавала праціўніка, адступаўшага з баямі па маршруце Навінкі – Панары – Стрыпуны – Куцавічы – Навасёлкі – Ашмяны – Мураваная Ашмянка. У канцы дня штаб дывізіі знаходзіўся ў в.Талмінава. 31-я гвардзейская стралковая дывізія на зыходзе дня сканцэнтравалася ў раёне Ашмян. У 22 гадзіны яна авалодала рубяжом Латавічы – Навасёлкі, а ў 2 гадзіны ночы 8 ліпеня 1944 г. – Ашмянамі. 83-я гвардзейская стралковая дывізія ў жорсткім баі з немцамі авалодала рубяжом Мар’янава – Палуды – Гарэцкаўшчына, а ў 24 гадзіны ўварвалася ў Гальшаны. 8 ліпеня баі ў раёне прадоўжыліся: пад Малынішкамі (11-я гвардзейская стралковая дывізія), Граўжышкамі (1-я гвардзейская стралковая дывізія). 83-я гвардзейская стралковая дывізія вяла баявыя дзеянні ў напрамку Чуркі – Вайшнарышкі – Клявіца.
У Ашмянах размяшчалася асобная медыцынская санітарная рота 6-й стралковай дывізіі ўнутраных войскаў.
9 ліпеня 1944 г. баявыя дзеянні праходзілі за межамі раёна – у Літве, на Іўеўшчыне.

Камандна-палітычны склад партызанскай брыгады імя Гастэлы.16 ліпеня 1944 г.
Гарматны разлік на агнявой пазіцыі
Снайперы 31-й гвардзейскай стралковай дывізіі, 11 арміі
Бібліяграфія:
- 75 гадоў з часу вызвалення Ашмяншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (7–8 ліпеня 1944 г.) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2019 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2018. – С. 19–20.
- Буслович, И. «Идем на таран!…» / Ирина Буслович // Ашмянскі веснік. – 2019. – 30 сакавіка (№ 24). – С. 3. Об Александре Авдееве – советском офицере, лётчике, погибшем в небе над Ошмянами, именем которого названа улица в г.Ошмяны.
- Вайсковыя часці, якія вызвалялі Ашмянскі раён: 1944 г. // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C.358-359.
- Винцелович, О. Шаг в бессмертие: / Ольга Винцеловиче // Ашмянскі веснік. – 2016.– 8 чэрвеня. – С.9. О Дмитрии Горбунове, совершившем подвиг при освобождении ошмянской земли в годы Великой Отечественной войны.
- Воіны 3-га гвардзейскага танкавага корпуса, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Ашмяншчыны: фота // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C. 360–361.
- Вызваленне // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C.355–358.
- Гэта было ў сорак чацвёртым: з успамінаў падпалкоўніка запасу А.П.Бачурына, афіцэра палітааддзела 144-й стралковай дывізіі // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C. 365.
- Дакументы сведчаць // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C. 360–364.
- Из протокола объединенного заседания Ошмянского РК КП(б)Б и районного Совета депутатов трудящихся о расформировании партизанской бригады имени Гастелло// Гродненщина накануне и в годы Великой Отечественной войны (1939–1945). – 2005. – C.388–389.
- На пятым зтапе наступлення: з успамінаў К. М. Галіцкага, камандуючага 11-й гвардзейскай арміяй // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C. 365–366.
- Партызанскія фарміраванні, якія дзейнічалі на тэрыторыі Ашмянскага раёна: 1943-1944 гг / фота // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C.320–324.
- У баях за Гальшаны // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C. 366–367.
- Удзельнікі вызвалення Ашмяншчыны: фота // Памяць: гiст.-дак. хронiка Ашмянскага раёна. – Мн., 2003. – C. 362–363.











