19 лістапада супрацоўнікі Ашмянскай раённай бібліятэкі наведалі вучняў 6 “В” класа сярэдняй школы № 3 і правялі для іх інтэрактыўную прававую гульню “Падарожжа ў краіну Правазнайку”. Падчас мерапрыемства школьнікі адправіліся ў займальнае падарожжа па краіне правоў і абавязкаў, дзе змаглі праверыць свае веды ў галіне права, даведацца пра асноўныя правы дзіцяці і ўсвядоміць, чаму важна не толькі ведаць свае правы, але і выконваць абавязкі.Удзельнікі выконвалі цікавыя заданні, адказвалі на пытанні віктарыны, разбіралі розныя жыццёвыя сітуацыі і вучыліся знаходзіць правільныя рашэнні ў тых ці іншых абставінах. Асаблівую ўвагу звярнулі на права на адукацыю, адпачынак, абарону, свабоду меркаванняў, а таксама на абавязак паважаць правы іншых людзей. Інтэрактыўны фармат сустрэчы дапамог школьнікам у займальнай форме замацаваць атрыманыя веды, навучыў быць адказнымі за свае ўчынкі і з павагай ставіцца да навакольных.







