“Будзь уважлівым — захавай жыццё!”

        4 лістапада філіял “Сельская бібліятэка в. Будзёнаўка” наведалі дзеці з лагера “Восеньскі церамок” “Сярэдняя школа № 1 імя М. М. Гружэўскага”. Для юных гасцей быў арганізаваны ўрок здароўя і бяспекі “Будзь уважлівым — захавай жыццё!”. Да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны спецыялісты, якія падзяліліся з дзецьмі важнымі ведамі пра тое, як захаваць здароўе і пазбегнуць небяспечных сітуацый. Для ўдзельнікаў была аформлена тэматычная выстава “Цыгарэта — гэта яд для дарослых і дзяцей”.
        З гутаркай “Курэнне і школьнік несумяшчальныя!” выступіла загадчыца Будзёнаўскага ФАПа Марына Вацлаваўна Завадская. Яна расказала школьнікам пра шкоду курэння і яго негатыўны ўплыў на арганізм, які расце.
        Размову пра шкодныя звычкі працягнуў старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ашмянскага РАНС Міхаіл Станіслававіч Маркоўскі. Ён расказаў пра магчымыя наступствы курэння, а таксама нагадаў дзецям пра іншыя небяспекі, якія могуць падпільноўваць чалавека ў паўсядзённым жыцці.
        Пра бяспеку на дарогах у светлы і цёмны час сутак расказаў старшы інспектар ДАІ Аляксей Аляксеевіч Шчолка. Дзеці даведаліся, чаму так важна выконваць правілы дарожнага руху і быць уважлівымі на дарозе.
        У завяршэнне мерапрыемства бібліятэкар правяла пазнавальную віктарыну, прачытала павучальную прытчу, а таксама ўрывак з кнігі Марка Твэна “Прыгоды Тома Соера”. Гэты эпізод вельмі яскрава перадае ўражанні хлопчыкаў ад першай зацяжкі і непрыемныя наступствы курэння.