У лёсе малой радзімы — жаночы лёс

        1 кастрычніка ў філіяле “Сельская бібліятэка аг. Жупраны” адбыўся літаратурна-краязнаўчы вечар “У лёсе малой радзімы — жаночы лёс”.
        Мерапрыемства прайшло ў рамках раённага бібліятэчнага марафону-конкурсу “Жаночыя лёсы Гродзеншчыны” і было прысвечана таленавітым жанчынам, якія сваімі справамі, творчасцю і жыццёвым прыкладам пакінулі яркі след у гісторыі роднага краю.
        Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавымі жыццёвымі гісторыямі жанчын Жупраншчыны, даведацца пра іх творчыя і прафесійныя дасягненні, а таксама паразважаць пра значэнне жанчыны ў гісторыі і сучасным жыцці малой радзімы.
        Пачэснымі гасцямі мерапрыемства сталі настаўніца хіміі і біялогіі Жупранскай сярэдняй школы імя Ф. Багушэвіча Юхневіч Людміла Станіславаўна, мясцовая паэтэса Варановіч Валянціна Мікалаеўна, а таксама шматдзетная маці Лапшэвіч Вольга Аляксандраўна.
        Кожная з гасцей падзялілася сваім жыццёвым вопытам, распавяла пра тое, што натхняе яе, пра любоў да роднага краю, сям’і і сваёй справы. Цёплая і шчырая атмасфера сустрэчы дазволіла ўдзельнікам не толькі адкрыць для сябе новыя імёны і гісторыі, але і яшчэ раз пераканацца, што гісторыя малой радзімы складаецца з лёсаў людзей, якія жывуць і працуюць побач з намі.