24 сакавіка, у межах Міжнароднай акцыі “Час Зямлі”, бібліятэкары філіяла “Сельская бібліятэка аг.Гальшаны» запрасілі сваіх юных чытачоў (8-10 гадоў) у займальнае эка-падарожжа “Зямля – гэта наш дом”. Дзяцей пазнаёмілі з асаблівасцямі гэтай важнай акцыі і паказалі, наколькі яна актуальная сёння. З дапамогай відэаролікаў, цікавых урыўкаў з кніг і аповедаў бібліятэкараў, чытачы наведалі розныя куточкі нашай планеты, пазнаёміліся з багаццем жывёльнага і расліннага свету. У ходзе аналізу сітуацый дзеці шукалі адказы на важнае пытанне: “Як дапамагчы Зямлі?”. Гэтыя веды былі замацаваны падчас займальнай віктарыны. У завяршэнне кожны ўдзельнік на маленькім кружочку, які сімвалізаваў нашу планету, напісаў, што ён асабіста можа зрабіць для паляпшэння экалогіі. З гэтых маленькіх кружочкаў быў складзены вялікі, сімвалізуючы наш агульны дом, які мы разам будзем ратаваць. На кніжнай выставе “Час Зямлі” былі прадстаўлены самыя цікавыя выданні па экалогіі, якія бібліятэкары параілі прачытаць юным наведвальнікам.







