23.07.1945 г. нарадзілася Філіповіч Тамара Уладзіміраўна, дзяржаўны і гаспадарчы дзеяч, Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны (2006), Жанчына года-2008 у Беларусі. Месца нараджэння – в.Васількі Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл.(Украіна). На Ашмяншчыне з 1964 г. Закончыла Палтаўскі тэхнікум мясной прамысловасці (1964), Маскоўскі тэхналагічны інстытут мясной і малочнай прамысловасці (1971), Усесаюзны інстытут стандартызацыі, якасці і метралогіі (1976), Беларускі інстытут механізацыі Сельскай гаспадаркі (1990). Працоўную дзейнасць пачала ў 1964 г. на Ашмянскім мясакамбінаце. Пачынала майстрам каўбаснага цэха, затым – галоўны інжынер прадпрыемства, у 1978–2015 гг. дырэктар ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”. Пад яе кіраўніцтвам Ашмянскі мясакамбінат дасягнуў высокіх паказчыкаў дзейнасці, стаў прадпрыемствам з высока-аснашчаным тэхналагічным працэсам.
Тамара Уладзіміраўна актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Выбіралася членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3-га склікання, дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў (1997), неаднойчы была дэпутатам Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў.
Узнагароджана медалямі “За доблесную працу”, “Ветэран працы” Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, Ганаровай граматай Савета Міністраў РБ.
Т.У.Філіповіч – аўтар кнігі “Падарожжа па Ашмянскаму краю”, у якой яна паўстала як майстар мастацкай фатаграфіі, прадставіўшы на суд чытачоў і гледачоў свае фотаработы, у якіх адлюстроўваецца мінулае і сучаснае Ашмяншчыны. У 2011 г. выйшла другая кніга «Время и люди».
Крыніцы інфармацыі:
- Філіповіч Тамара Уладзіміраўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2020 год / склад. Г. У. Палубінская. — Ашмяны, 2019. С. 29.
- Филиппович Тамара Владимировна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ / под ред. И.В. Чекалова. — Минск: Энциклопедикс, 2006. — С. 384.
23.07.1950 г. у г.Ашмяны нарадзіўся Рамулевіч Віктар Баляслававіч, Заслужаны трэнер Беларусі (1987). Закончыў СШ №1 (1967), Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры (1972). Трэнер па ручным мячу (гандбол) Ашмянскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (з 1972 г.). Займацца гандболам асабіста пачаў з 11 гадоў, як толькі стаў культывавацца гэты від спорту ў Беларусі. Добра гуляў у футбол, валейбол і баскетбол. Заканчваючы сярэднюю школу, трапіў у юнацкую зборную краіны да Спартака Мірановіча (у далейшым знакамітага гандбольнага трэнера Беларусі і СССР). На Спартакіядзе народаў СССР (1971) беларусы сенсацыйна заваявалі бронзу. Выхаваў вялікую колькасць юных гандбалістаў, падрыхтаваў алімпійскага чэмпіёна А.С.Барбашынскага.
Крыніцы інфармацыі:
- Гандбольный тренер из Ошмян Виктор Ромулевич: «Приезжаю своей «деревней» и обыгрываю фаворитов». – Режим доступа: https://www.sb.by/articles/gandbolnyy-trener-iz-oshmyan-viktor-romulevich-priezzhayu-svoey-derevney-i-obygryvayu-favoritov.html
- Рамулевіч Віктар Баляслававіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2020 год / склад. Г. У. Палубінская. — Ашмяны, 2019. С. 30.
- Рамулевіч Віктар Баляслававіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 565. (Вызначыліся працай. Заслужаны трэнер).








