Чаплінская Ядзвіга Іосіфаўна, нарадзілася 10.04.1951 г. у в.Падгаі Граўжышкоўскага сельскага Савета Ашмянскага раёна. Самадзейная паэтка, педагог. Закончыла пачатковую школу ў Падгаях, базавую школу ў Вялікіх Вайшнарышках і сярэднюю школу ў Гальшанах. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы выкладала беларускую мову і літаратуру ў Клявіцкай школе, а затым увесь час працавала ў Вайшнарышскай базавай школе.
       Паэзіяй захапляецца з дзяцінства, але пісаць пачала ў час працы настаўніцай. Яе паэтычныя творы прысвечаны прыгажосці беларускай зямлі, чалавечай дабрыні і душэўнасці, родным людям. Лаўрэат абласнога конкурсу да 90-годдзя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі «Поэзия – души движенье», пераможца раённага конкурсу патрыятычнай песні сярод устаноў адукацыі ў намінацыі “Вольная тэма”, удзельніца літаратурнага пленэру “Паэтычная вясна” і інш.
       3 1991 г. друкуецца на старонках раённай газеты “Ашмянскі веснік”. Вершы Я.Чаплінскай уключаны ў зборнік “Сустрэчы”, выдадзены ў рамках міжнароднага праекта “Два бакі – адна гісторыя і культура”. Аўтар зборніка вершаў “Мелодыі маёй душы” (2015).

Крыніцы інфармацыі:

1. Беліцкая, А. Душа паэта – тонкая струна / Аліна Беліцкая // Ашмянскі веснік. – 2015. – 4 лістапада. – С. 3.
2. Санюк, А. Ад родных ніў, ад роднай хаты… / Аліна Санюк // Ашмянскі веснік. – 2010. – 4 верасня. – С. 5.
3. Санюк, А. Песняй душэўнай віталі вяскоўцаў / Аліна Санюк // Ашмянскі веснік. – 2014. – 27 жніўня. – С. 3.
4. Чаплінская Ядзвіга Іосіфаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год / склад. Г.У. Палубінская. – Ашмяны, 2020. – С. 21-22.


Чарненка-Бандарэвіч Лілія Васільеўна (1954) Паэтэса, культурны дзеяч Украіны. Нарадзілася 19.06.1954 г. на Ашмяншчыне ў сям’і настаўнікаў. У час вучобы ўдзельнічала ў школьных спектаклях, пісала вершы (друкаваліся ў раённай газеце “Ашмянскі веснік” і абласной “Гродзенская праўда”). Закончыла Ашмянскую СШ №2 (1970), філалагічны факультэт Гродзенскага  дзяржаўнага педагагічнага інстытута  імя Я.Купалы, з’яўлялася членам літаратурнага аб’яднання “Наднёманскія галасы”.  З 1974 г. настаўніца СШ №3, пасля выехала ў г.Прылукі Чарнігаўскай вобласці (Україна).
       Сцэнарыст, аўтар і рэжысёр двух фільмаў самадзейнай кінастудыі (“Яшчэ не позна”, “Дом нашых надзей”). На працягу 2-х гадоў працавала на гарадскім тэлебачанні “Эфір-TV”. Аўтар 30 праграм, актуальных рэпартажаў, інтэрв’ю, паэтычных вернісажаў. У 1999 г. выйшла аповесць аб праблемах дзіцячай і падлеткавай злачыннасці на Ўкраіне, кніга “Красавік кахання” (на беларускай мове). Выдадзены таксама рускамоўны зборнік вершаў «Прошлогодний дождь», кніга “Жанчына, якая нешта ведае” (2000), мініяцюры на беларускай мове.  Член Чарнігаўскага медыяклуба, Чарнігаўскага інтэлектуальнага цэнтра. Дыпламант і пераможца ў адной з намінацый абласнога конкурсу “Жанчына года – 99”.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Бандарэвіч, Л. На берагах любові: [інтэрв’ю з пісьменніцай, уражэнкай Ашмянскага раёна Ліліяй Васільеўнай Бандарэвіч] / Лілія Бандарэвіч; падрыхтаваў Юрка Голуб // Гродзенская праўда. — 2005. — 27 кастрычніка. — С. 8.
  2. Каранеўскі, А. Пісьменніца, паэтка, журналіст : [аб сустрэчы з Л. Бандарэвіч –Чарненка] / А. Каранеўскі // Ашмянскі веснік. — 2002. — 16 кастрычніка. — С. 2.
  3. Лісоўская, А. “Усё часцей мне цяпер не спіцца, на Радзіму хачу я сваю” : [аб сустрэчы з Л. Бандарэвіч –Чарненка ў Гальшанскай дзіцячай бібліятэцы] / А. Лісоўская // Ашмянскі веснік. — 2003. — 20 жніўня. — С. 3.
  4. Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Чарненка-Бандарэвіч Лілія Васільеўна // Памяць:  Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 572.
  5. Чарненка-Бандарэвіч Лілія Васільеўна (1954)  // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2014 год / склад. Г.У. Палубінская.— Ашмяны, 2014. — С. 19.

      Чэрскі Міхаіл Канстанцінавіч (1919 – 2011) Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся 12.08.1919 г. у г.Сяміпалацінск. Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны 2 ступені, медалямі “За адвагу”, “За заслугі”, “За Перамогу  над  Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг”.
       Пасля вайны жыў і працаваў у Ашмянах: майстар СПТВ-192, рабочы ПЭСа, быў заснавальнікам духавога аркестра Ашмянскага РДК.  Памёр у 2011 г.

Бібліяграфія:

  1. Вярнуліся пераможцамі. Чэрскі Міхаіл Канстанцінавіч  // Памяць:  Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 395.
  2. Чэрскі Міхаіл Канстанцінавіч (1919 – 2011) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2014 год / склад. Г.У. Палубінская. – Ашмяны, 2014.  – С. 24.