Бяспечны зімовы адпачынак

5 студзеня ў філіяле “Сельская бібліятэка аг. Гальшаны” для чытачоў 7-10 гадоў праведзена гадзіна бяспекі “Бяспечны зімовы адпачынак” з мэтай папярэджання дзіцячага траўматызму. Удзельнічаючы ў гутарцы, аналізуючы сітуацыі, дзеці паўтарылі правілы бяспечных паводзін у зімовы час. Для замацавання ведаў выканалі гульнявыя і творчыя заданні, пазнаёміліся з літаратурай па тэме занятку, а таксама паглядзелі мультфільм “Смешарыкі. Бяспека зімой”. З дапамогай мультфільма і літаратуры дзеці ўбачылі, як правільна паводзіць сябе ў розных сітуацыях, каб пазбегнуць непрыемнасцяў.Асаблівую цікавасць выклікалі інтэрактыўныя заданні, дзе кожны мог прадэманстраваць свае веды і ўменні. Дзеці з задавальненнем разгадвалі загадкі, удзельнічалі ў віктарынах і малявалі сюжэты на зімовую тэматыку. Такі падыход спрыяе лепшаму засваенню інфармацыі і робіць працэс навучання цікавым і займальным. У завяршэнне гадзіны бяспекі кожнаму ўдзельніку былі ўручаны памяткі з правіламі бяспекі ў зімовы перыяд. Спадзяемся, што атрыманыя веды дапамогуць дзецям правесці зімовыя канікулы весела, бяспечна і з карысцю. Бібліятэка запрашае ўсіх жадаючых на новыя мерапрыемствы, прысвечаныя бяспецы жыцця.