Семінар “Бібліятэка – прастора прававой асветы”

11 снежня ў Ашмянскай раённай бібліятэцы прайшоў семінар на тэму “Бібліятэка – прастора прававой асветы”. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася дырэктар ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” Садоўская Н.У. На семінары прысутнічаў маёр міліцыі, начальнік ІСН Ашмянскага РАУС Клім В. В., які расказаў пра прафілактыку правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

Першая частка семінара была прысвечана тэарэтычным аспектам аб ролі бібліятэк у фарміраванні прававой пісьменнасці насельніцтва, асновах прававога выхавання ў дзейнасці публічных бібліятэк Ашмянскага раёна, карыстанні афіцыйнымі прававымі рэсурсамі Рэспублікі Беларусь, арганізацыі работы ПЦПІ, прававой пісьменнасці ў бібліятэчнай дзейнасці. Бібліёграф Гінтаўт У.І. правяла агляд прававых інтэрнет-рэсурсаў Рэспублікі Беларусь. Загадчыца сектара маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Палубінская В.А. расказала аб практыцы работы з дзіцячым прававым сайтам. Дырэктар ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” Садоўская Н.У. расказала аб прававых квэстах як інавацыйнай форме работы з моладдзю.

У другой, практычнай частцы семінара, удзельнікі падзяліліся вопытам работы  і працавалі па групах у інтэрактыўнай прававой віктарыне “Пазл закона”, а таксама ў фармаце кейс-рашэнне, дзе ім прапаноўвалася сітуацыя з рэальнай бібліятэчнай практыкі, а яны шукалі аптымальны спосаб дапамагчы карыстальніку ў рашэнні яго пытання.

Семінар стаў  карысным і прадуктыўным для ўсіх удзельнікаў, дзе яны даведаліся шмат новага, убачылі новыя формы працы з дзецьмі і моладдзю.