14.04.1885 г.   нарадзіўся Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч (1885–1938), беларускі  палітычны і  грамадскі  дзеяч, публіцыст, педагог,  асветнік, дырэктар беларускай настаўніцкай семінарыі ў мястэчку Баруны Ашмянскага павета.  Месца нараджэння – в.Максімаўка   Вілейскага павета   Віленскай   губерні,  цяпер Маладзечанскі раён.  Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую   семінарыю  (1904),    педагагічны   інстытут у Феадосіі (1912). Працаваў у школах Свянцянскага і Вілейскага паветаў, займаўся культурна-асветніцкай       дзейнасцю, збіраў фальклор. Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг.  Член Беларускай  сацыялістычнай грамады (БСГ), член  Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Займаўся  арганізацыяй  беларускіх пачатковых школ. Выкладаў у Гродзенскай беларускай гімназіі (1918 – 1920), супрацоўнічаў у газеце “Беларускае слова”.

У 1919 г.  С. Рак-Міхайлоўскі распачаў актыўную работу па адкрыцці беларускай настаўніцкай семінарыі ў мястэчку Баруны, якая пачала працаваць  у 1920 г. Першы набор вучняў склаў 60 чалавек. Увесь курс навукі разлічаны быў на 4 гады.  Але з боку польскіх улад  пачалося ганенне  на беларускамоўныя ўстановы.  15 мая 1921 г. беларуская настаўніцкая семінарыя ў Барунах па загаду дырэктара Дэпартамента Асветы  Ліхтаровіча была закрыта,. У 1922 г.  С. Рак-Міхайлоўскі пакінуў Баруны.

У 1926 г. уступіў у КПЗБ. У 1927 г. арыштаваны, прыгавораны да 12 гадоў  зняволення. Вясной 1930 г. датэрмінова вызвалены і перапраўлены ў Мінск. Працаваў у сектары   навукі  Наркамата Асветы  БССР. 16.08.1933 г. арыштаваны органамі АДПУ па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”, прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных  лагераў.  Пакаранне адбываў у Салавецкіх лагерах. Асобай тройкай НКУС БССР 14.11.1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Растраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956 г. У Маладзечне яго імем названа вуліца.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Дроздова, В. Исторические личности борунской земли / Валентина Дроздова ; фото Светланы Муцянской // Ашмянскі веснік. — 2017. – 13 снеж. – С. 5.
  2. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя т. 9. – Мн.: , 1973. –  С. 84.
  3. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2020 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2019.–С. 24-25.

4..        Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т 4. – Мн.: , 1987. –  С. 482.