Падарожжа да вытокаў кнігадрукавання

        4 верасня ў філіяле “Сельская інтэграваная бібліятэка аг. Боруны” ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня беларускага пісьменства, адбыўся гістарычны экскурс “Падарожжа да вытокаў кнігадрукавання”.У бібліятэцы была аформлена кніжная выстава “З вытокаў да роднай мовы”, якая знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй развіцця беларускага пісьменства, кнігадрукавання і культурнай спадчынай Беларусі. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі даведаліся пра гісторыю ўзнікнення і развіцця кнігадрукавання на беларускіх землях, а таксама пра жыццё і дзейнасць выдатных беларускіх асветнікаў. Асаблівая ўвага была нададзена асобам Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага і іншых дзеячаў беларускай культуры.Атрыманыя веды ўдзельнікі змаглі праверыць падчас тэматычнай віктарыны “Кніжная скарбонка”. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах і паспяхова справіліся з прапанаванымі заданнямі.Мерапрыемства стала добрай магчымасцю пашырыць веды пра гісторыю беларускага пісьменства і кнігадрукавання, пазнаёміцца з культурнай спадчынай краіны і яшчэ раз звярнуць увагу на значэнне роднай мовы ў захаванні нацыянальнай культуры і гістарычнай памяці.