23 красавіка 2009 года  ў аг.Баруны  Ашмянскага раёна  Гродзенскай вобл.  быў адкрыты мемарыяльны знак на месцы гібелі ў гады Першай Сусветнай вайны экіпажа бамбардзіроўшчыка  “Ілля Мурамец”. Мемарыял выкананы з каменю чырвонага граніту, на якім умацавана дошка. На ёй намаляваныя барэльефы самалёта “Ілля Мурамец”, чацвярых у форме рускіх лётчыкаў перыяду Першай сусветнай вайны і знака ордэна Святога Георгія 4-й ступені, якім  кожны з лётчыкаў быў узнагароджаны пасмяротна. Надпіс на беларускай мове пералічвае загінулых лётчыкаў: Карпаў А., Рахмін М., Макшэяў Д., Гаібаў Ф., пад імі – “Экіпажу самалета “Ілля Мурамец-16”, якія геройскі загінулі 25.09.1916 г. пад мястэчкам Баруны”.  Аўтары помніка – архітэктар Віктар Буры і скульптар Валерый Калясінскі.

Помнік устаноўлены побач з аўтадарогай, мясцовай школай, бібліятэкай. У верасні 1916 г. на гэтым месцы ў час бамбардзіроўкі 89-й  германскай рэзервовай дывізіі “Ілля Мурамец” быў атакаваны чатырма нямецкімі знішчальнікамі. Тры з іх былі збітыя экіпажам паручніка Дзмітрыя Макшэева, чацвёрты прынёс гібель рускаму самалёту. Загінуўшых авіятараў пахавалі на вайсковых могілках  каля в.Баруны.

Экіпаж “Іллі Мурамца” быў інтэрнацыянальным: двое  рускіх Дзмітрый Макшэеў (камандзір) і Алег Карпаў (афіцэр-назіральнік), татарын  Мітрафан Рахмін (памочнік камандзіра), азербайджанец Фарух Гаібаў (артылерыйскі афіцэр).

Адкрыццё мемарыяльнага знака адбылося пры шматлікай колькасці мясцовых жыхароў і гасцей, сярод якіх: вучоныя, гісторыкі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў сталіцы і г.Гродна, прадстаўнікі мясцовых улад  на чале  з  старшынёй РВК Юрыем Адамчыкам, духавенства, прадстаўнік пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Зульфугар Танарвердзіеў, ініцыятар стварэння помніка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання Валянціна Лузіна.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Санюк, А. Подвиг, увековеченный в камне / Алина Санюк  // Ашмянскі веснік. – 2009. – 8 мая (№35). – С.2-3.

https://www.postkomsg.com/history/196514/