13.04.1943 г. у в.Вялікія Шастакі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл. нарадзілася  Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна, самадзейны паэт, педагог.  З 1964 г. жыла і працавала ў Ашмянах. Свой першы верш напісала ў пятым класе, будучы членам школьнай рэдкалегіі. Паэзія суправаджала яе і падчас вучобы ў Слонімскім медвучылішчы (1961), і на працы ў бальніцы ў Астравецкім раёне (1961–1964), і ў Ашмянскай санітарна-эпідэміялагічнай службе (1964–1966). Падчас вучобы на філфаку Гродзенскага педінстытута, які закончыла ў 1971 г., Рамуальда Іосіфаўна пазнаёмілася з Васілём Быкавым, які ўмацаваў яе веру ў тое, што ў яе ёсць паэтычны дар.  Працавала  загадчыкам сектара партуліку Ашмянскага райкама партыі (1984–1991). З 1991 г. у  СШ №1 г.Ашмяны (настаўнік рускай мовы і літаратуры, сацыяльны педагог, загадчык Народнага музея гісторыі ДУА “Сярэдняя школа №1 імя М.М.Гружэўскага”). Вершы друкаваліся  на старонках  газет “Ашмянскі веснік”, “Гродзенская праўда”,  “Настаўніцкая газета” і інш. Выдадзены зборнік вершаў  “І вера, і вернасць, і вечнасць” (2012). Аўтар больш за 20 тэкстаў песень для школьных самадзейных узорных калектываў “Званочкі” і “Палёт”, аўтар гімна настаўнікаў раёна, гімна школы і гімна выпускнікоў. Памерла ў кастрычніку 2023 г.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2023 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2022.– С. 24.
  2. Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А.Р.Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 585.

Рамуальда Ануфрыева: старонкі жыцця і творчасці. – Рэжым доступу: https://www.osh.by/?p=93604