21.03.1840 г. у былым фальварку Свіраны Вільнюскага р-на (Літва) нарадзіўся Францішак Казіміравіч Багушэвіч, паэт, празаік, публіцыст, рэвалюцыйны дэмакрат. У  перыяд паміж  1841 і 1846 гг.  сям’я пераехала ў невялікі маёнтак Кушляны (Смаргонскі р-н), атрыманы   бацькам    у   спадчыну ў 1837 г.  У 1852 г.  разам з братам Валяр’янам Францішак паступіў у чатырохкласную  базыльянскую школу, потым вучыўся ў гімназіі, якую закончыў у 1861 г.  У 1861 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Вярнуўшыся на радзіму, уладкаваўся настаўнікам у народнай школе в.Доцішкі Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён). У 1865 г. паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, які закончыў у 1868 г. Працаваў судовым следчым на Украіне, потым адвакатам у Вільні.

           У 1874 г. ажаніўся  з Габрыеляй Міхайлаўнай Шкленік. У іх нарадзіліся дачка Канстанцыя, сыны  Тамаш і Валяр’ян.

            Працуючы адвакатам Ф.Багушэвіч адстойваў правы простых людзей.

           Вершы Ф.Багушэвіч пачаў пісаць у юнацкім узросце. Шматлікія вершаваныя творы склалі 2 паэычныя зборнікі: “Дудка беларуская” (1891), “Смык беларускі”  (1894). Асноўныя тэмы творчасці Ф.Багушэвіча: жыццё беларускага народа,  барацьба з прыгнятальнікамі, адносіны да роднага слова.

             У 1898 г. Ф.Багушэвіч цяжка  захварэў і перабраўся ў Кушляны. У 1900 г. памёр. Пахаваны на могілках у Жупранах. У цэнтры Жупран і на яго магіле пастаўлены помнікі.

            

Крыніцы інфармацыі:

  1. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / укладальнік А.Р.Каранеўскі, рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. . – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 146-149.
  2. Запрудскі, І. Самы слынны з пакалення беларускіх нігілістаў // Маладосць.- 2010.- № 10.- С. 125-128.
  3. Содаль, У. I. Жупранская старонка / Содаль, Уладзiмiр Iллiч.. — Мн. : Полымя, 1992. – 63с.
  4. Содаль, У. I. Кушлянскi кут / Содаль,Уладзiмiр Iллiч.. — Мн. : Полымя, 1990. — 63с.

Францішак Бенядзікт Багушэвіч : жыццё і творчасць / склад. У.Содаль, Е.Мацюш; маст. М.Купава. — Мн. : Народная асвета, 1986. – 103 с.