Знаўцы прыроды

       5 чэрвеня бібліятэкар філіяла “Сельская бібліятэка аг. Навасёлкі” правяла для дзяцей пазнавальную эка-гульню “Знаўцы прыроды”.
       Разам з бібліятэкарам юныя ўдзельнікі адправіліся ў займальнае падарожжа ў дзіўны свет флоры і фаўны. У ходзе мерапрыемства дзеці прадэманстравалі свае веды пра навакольнае асяроддзе, жывёльны і раслінны свет, а таксама праявілі кемлівасць, назіральнасць і любоў да прыроды.
       З вялікай цікавасцю і актыўнасцю ўдзельнікі выконвалі заданні конкурсаў і адказвалі на пытанні віктарын “Загадкавая жывёла”, “Хто дзе жыве”, “Па грыбы, па ягады” і “Пазнай расліну”. Кожнае выпрабаванне дапамагло дзецям пашырыць свае веды аб прыродзе роднага краю і яе багаццях.
       Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “Я з кнігай адкрываю свет прыроды”, на якой былі прадстаўлены выданні пра жывёльны і раслінны свет, экалогію, а таксама цікавыя энцыклапедыі для дзяцей.
       Яркім завяршэннем сустрэчы стала творчая работа: дзеці “пасадзілі” расліны і кветкі на імправізаваную планету, паказаўшы, як важна берагчы прыроду і клапаціцца пра навакольны свет.