Турэвіч Іосіф Іосіфавіч (1899 ё– 1976) Удзельнік барацьбы за ўсталяванне савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся 15.12.1899 г. у г.Ашмяны. Закончыў 4 класы мясцовай пачатковай школы (1911). Са снежня 1917 г. у Чырвонай гвардыі, з лютага 1918 г. у Чырвонай арміі (стралок Мінскага каравульнага батальёна). Са студзеня 1919 г. стралок 16-га стралковага палка (у студзені – красавіку 1919 г. быў байцом Ашмянскай каравульнай роты).
У Чырвонай арміі знаходзіўся да студзеня 1925 г.: кавалерыст эскадрона ўнутраных войск, кавалерыст 1-га і 5-га пагранічных атрадаў (кітайская і румынская граніцы). У баях на Паўднёвым фронце быў паранены (ваяваў супраць Урангеля і Махно). Пасля дэмабілізацыі пражываў за межамі раёна (1925) – у Харкаве і іншых месцах. У Вялікую Айчынную вайну прызваны ў дзеючую армію. Служыў у 162-й аўтароце 333-й стралковай дывізіі, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За абарону Сталінграда”. Старшы сяржант І.І.Турэвіч быў звольнены з вайсковай службы 10 ліпеня 1945 г. Жыў у Ашмянах.
Працаваў у райпрамкамбінаце, на дражджавым заводзе, на птушкакамбінаце, у арцелі “9 мая”, у райспажыўсаюзе. З 14 жніўня 1965 г. персанальны пенсіянер.
Крыніцы інфармацыі:
- Вярнуліся пераможцамі. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 393.
- Турэвіч Іосіф Іосіфавіч (1899 – 1976) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2014 год / склад. Г.У. Палубінская.— Ашмяны, 2014. – С. 34.
- Узнагароды ветэранам. Турэвіч Іосіф Іосіфавіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 171 – 172.






