ГІСТОРЫЯ “ДУК АШМЯНСКАЯ РАЁННАЯ БІБЛІЯТЭКА”

         Ашмянская раённая бібліятэка адлік сваёй дзейнасці пачынае з 1940 года, калі быў утвораны Ашмянскі раён. Да 1939  года на тэрыторыі сучаснага Ашмянскага раёна была адна бібліятэка з кніжным фондам 2 тыс. экз. кніг.
        На канец 1940 года раённая бібліятэка налічвала 6650 экз. кніг. З іх мастацкай рускай літаратуры – 1950, беларускай – 1200, яўрэйскай – 725, польскай – 350. Выпісвалася 70 назваў часопісаў і 17 газет на беларускай, рускай, яўрэйскай, польскай мовах. Колькасць чытачоў – 850. Ад раённай бібліятэкі ў сельскай мясцовасці працавалі 12 хат-чытальняў, ва ўстановах горада – 3 перасоўкі-бібліятэчкі: у раённай бальніцы, дзіцячым доме, сельскагаспадарчай школе.
         Восенню 1940 года бібліятэка пераехала ў новае памяшканне і 14 кастрычніка расчыніла дзверы для наведвальнікаў. Чытачы маглі наведваць абанемент, чытальную залу, пакой для адпачынку, дзе можна было пагуляць у шашкі, шахматы, даміно. Загадчыцай раённай бібліятэкі працавала Хана Жупранер (у час фашысцкай акупацыі расстраляна гітлераўцамі разам з іншымі жыхарамі горада).
         За гады нямецка-фашысцкай акупацыі фонд бібліятэкі быў поўнасцю знішчаны. Пасля вызвалення тэрыторыі Ашмяншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бібліятэка аднавіла сваю дзейнасць.  25 ліпеня 1944 года загадам Ашмянскага раённага аддзела народнай адукацыі загадчыкам раённай бібліятэкі быў назначаны Рыбкін Юрый Міхайлавіч. На сродкі, адпушчаныя з бюджэту, была набыта невялікая колькасць кніг. Акрамя гэтага, бібліятэцы ў дар былі дасланы кнігі з бібліятэк г.Горкага і г.Куйбышава. Увесь фонд бібліятэкі налічваў 450 экз. кніг.
        У 1945 годзе загадчыцай  назначана Іванова Ксенія Андрэеўна. На канец 1948 года фонд бібліятэкі налічваў ужо 2421 экз. кніг.
        Да 1949 года ў Ашмянах была толькі адна бібліятэка – раённая, якая абслугоўвала дарослых і дзяцей. Попыт насельніцтва на літаратуру рос. У горадзе было 2 сярэднія школы, педагагічнае і медыцынскае вучылішчы, школа для глухіх дзяцей, школа для старшынь калгасаў, прамысловыя прадпрыемствы: дрожджзавод, птушкакамбінат, арцель “Перамога” па вытворчасці кансервавых вырабаў. Адна раённая бібліятэка не магла ўжо задаволіць запыты чытачоў.
Дзякуючы клопатам дзяржавы аб росце сеткі бібліятэк, імкненню працоўных горада да кнігі, на аснове загада Маладзечанскага абласнога ўпраўлення культуры і рашэння выканкама Ашмянскага гарсавета была адкрыта Ашмянская гарадская бібліятэка,  якую  ўзначаліла  К. А. Іванова.
Загадчыцай раённай бібліятэкі была назначана выпускніца Магілёўскага культасветвучылішча Дабраўляніна Вольга Дзмітраўна – першы ў раёне спецыяліст з бібліятэчнай адукацыяй (1949–1961).

       У 1949 годзе, акрамя раённай і гарадской бібліятэк, у раёне дзейнічалі 3 сельскія бібліятэкі, 5 хат-чытальняў. Для абслугоўвання бліжэйшых населеных пунктаў ад раённай бібліятэкі працавала 15 перасовак.
         Супрацоўнікі бібліятэкі пастаянна ўдасканальвалі работу па абслугоўванні насельніцтва кнігай. У 1957 годзе Ашмянскай раённай бібліятэцы быў уручаны дыплом Міністэрства культуры БССР “Лепшай раённай бібліятэцы БССР”.
         Колькасць чытачоў з кожным годам расла. Для больш якаснага абслугоўвання дзяцей у 1952 годзе была адкрыта раённая дзіцячая бібліятэка, у 1967 годзе – Ашмянская гарадская дзіцячая бібліятэка.
         Павялічылася колькасць бібліятэк у сельскай мясцовасці. На 01.01.1961 года ў раёне працавала 42 бібліятэкі, якія падпарадкоўваліся раённаму аддзелу культуры. З іх 3 – у горадзе і 39 – у сельскай мясцовасці.
         З 1964 да 1981 года раённую бібліятэку ўзначальвала Каляда Ганна Мікалаеўна. Пад яе кіраўніцтвам была праведзена вялікая работа па ўдасканальванні бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва раёна. Ва ўсіх бібліятэках былі створаны алфавітныя і сістэматычныя каталогі, краязнаўчыя картатэкі, закласіфікаваны кніжныя фонды. За асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы, за поспехі, якіх дасягнула Ашмянская раённая бібліятэка ў ходзе Усесаюзнага агляду бібліятэк насустрач 50-годдзю Савецкай улады, Каляда Ганна Мікалаеўна была ўзнагароджана Ганаровай Граматай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры.
         На працягу ўсяго перыяду дзейнасці раённай бібліятэкі адным з галоўных накірункаў застаецца прапаганда твораў беларускіх пісьменнікаў, далучэнне чытачоў да здабыткаў нацыянальнай культуры. У 70-я гады былі наладжаны сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі: А. Русаком, М. Скрыпкам, Ю. Голубам. У 1977 годзе ў перыяд правядзення Дзён беларускай літаратуры на Гродзеншчыне ў раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з М.Танкам, Д.Бічэль-Загнетавай, Н.Гілевічам. Пісьменнікі таксама наведалі магілу Ф.Багушэвіча ў Жупранах.
         У 1976 годзе, у выніку правядзення цэнтралізацыі, усе бібліятэкі аб’ядналіся ў раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму (РЦБС). Раённая бібліятэка пераўтворана ў раённую цэнтральную бібліятэк (РЦБ), а бібліятэкі ў горадзе і ў сельскай мясцовасці сталі яе філіяламі. Усяго ў Ашмянскую РЦБС увайшло 42 бібліятэкі: раённая цэнтральная бібліятэка, раённая дзіцячая бібліятэка і 40 бібліятэк-філіялаў.
        У РЦБ былі створаны аддзелы: методыка-бібліяграфічны, абслугоўвання, камплектавання і апрацоўкі літаратуры, цэнтральнае кнігасховішча.
        Цэнтралізацыя бібліятэчнай сеткі садзейнічала ўдасканальванню работы бібліятэк па абслугоўванні чытачоў. Бібліятэкі-філіялы пачалі атрымліваць літаратуру праз аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры РЦБ. У бібліятэкараў з’явілася больш часу для індывіду-альнай работы з чытачамі, для больш поўнага задавальнення іх запытаў.
        З боку методыка-бібліяграфічнага аддзела бібліятэкары РЦБС пачалі атрымліваць кваліфікаваную метадычную і практычную дапамогу ў арганізацыі работы з чытачамі.
        Сярод бібліятэк-філіялаў лепшымі ў раёне былі Гальшанская, Жупранская, Будзёнаўская, Мураванаашмянкоўская, Кальчунская, Навасёлкаўская сельскія бібліятэкі.
       22 гады (1981 – 2003 гг.) дырэктарам Ашмянскай РЦБС працавала Каско Антаніна Рыгораўна (адначасова з’яўлялася і дырэктарам РЦБ). Яна правяла вялікую работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк. Быў зроблены капітальны рамонт цэнтральнай бібліятэкі, у выніку якога пашырылася плошча бібліятэчнага памяшкання. Праведзена рэканструкцыя дзіцячай бібліятэкі. Набывалася неабходная бібліятэчная мэбля. У канцы 90-х у бібліятэцы створаны чытацкі клуб “Сустрэча” (1996–2023), наведвальнікі якога змаглі сустрэцца з вядомымі беларускімі дзеячамі літаратуры і мастацтва: А.Дударавым, В.Паліканінай, В.Гіруць-Русакевіч, С.Шэметам і інш., а таксама з мясцовымі таленавітымі людзьмі: А.Каранеўскім, А.Міхеенкам, П.Шаколам, А.Ануфрыевай, Г.Даўгашэй і іншымі знакамітымі асобамі.  Антаніна Рыгораўна ўдзяляла шмат увагі рабоце з кадрамі, забеспячэнню бібліятэчных устаноў спецыялістамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай кваліфікацыі. У 2002 годзе бібліятэчных спецыялістаў налічвалася  90%.
       З 2003 па 2025 гады Ашмянскую РЦБС (з 2015 г. ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка”) узначальвала Белавус Марына Рамуальдаўна, вопытны, дасведчаны спецыяліст. За час яе кіравання праведзена поўная камп’ютэрызацыя  бібліятэчных устаноў, у аўтаматызаваным рэжыме абслугоўваюцца чытачы раённай бібліятэкі (з 2007). Марына Рамуальдаўна з’яўлялася галоўным натхняльнікам перадавых ідэй у справе развіцця бібліятэчнай справы раёна. Па яе ініцыятыве і непасрэдным удзеле рэалізаваны міжнародныя гуманітарныя праекты на базе бібліятэк аграгарадкоў Гальшаны (2013, 2018), Кальчуны (2014), Мураваная Ашмянка (2017), раённай бібліятэкі (2015).
         Пад кіраўніцтвам М.Р.Белавус Ашмянская раённая бібліятэка стала лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Бібліятэчная справа” (2004).
         У сувязі са зменамі дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне неаднаразова адбывалася рэарганізацыя бібліятэчнай сеткі. Зменшылася колькасць сельскага насельніцтва, і як вынік  – скарачэнне колькасці бібліятэчных устаноў. З 1 сакавіка 2015 года Ашмянская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма згодна рашэння Ашмянскага райвыканкама №700 ад 30.12.2014 г. рэарганізована ў дзяржаўную ўстанову культуры “Ашмянская раённая бібліятэка”.  У 2020 годзе раённая бібліятэка пераехала ў іншае памяшканне з палепшанымі ўмовамі працы.

 

Дзень сённяшні

        На 01.01.2026 года ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” аб’ядноўвае  13 структурных падраздзяленняў: 12 сельскіх бібліятэк-філіялаў і 1 раённая бібліятэка. Галоўны накірунак дзейнасці на сучасным этапе – задавальненне інфармацыйных патрэб насельніцтва шляхам выкарыстання сучасных інфармацыйных   тэхналогій,   інавацыйных   метадаў   работы.
        Калектыў пад кіраўніцтвам дырэктара Садоўскай Наталлі Віктараўны (з чэрвеня 2025) імкнецца быць рэалізатарам усяго новага, перадавога ў справе абслугоўвання чытачоў, прыцягненні новых карыстальнікаў.
         Праводзіцца значная работа па папаўненні бібліятэчнага фонду актуальнай літаратурай. На 01.01. 2026 года адзіны фонд  ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” складае 218880 экз. Фонды ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” уключаны ў Рэгіянальны зводны электронны каталог (РСЭК)  Гродзенскай вобласці (2020), што дае магчымасць атрымаць інфармацыю аб патрэбным выданні ў аддаленым рэжыме.
         Аператыўную інфармацыю заканадаўча-прававой тэматыкі карыстальнік можа  атрымаць у публічным цэнтры прававой інфармацыі (ПЦПІ), створаны пры раённай бібліятэцы адным з першых у Гродзенскай вобласці (2001). Галоўнай крыніцай прававой інфармацыі цэнтра з’яўляецца інфармацыйна-пошукавая сістэма  (ІПС) “ЭТАЛОН”, якая дазваляе атрымаць хуткі доступ да афіцыйнай прававой інфармацыі. У ПЦПІ два разы ў месяц (2 і 4 чацвер)  праводзяцца бясплатныя кансультацыі юрыста.       

        Зладжана працуюць усе структурныя падраздзяленні ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка”.

              
          Аддзел абслугоўвання і інфармацыі  (ААіІ) штогод наведвае звыш 5 тысяч чытачоў: дарослых і дзяцей (усяго па ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” – 9463 (на 01.01.2026). Розныя групы наведвальнікаў – студэнты, навучэнцы школ, прадпрымальнікі, рабочыя, служачыя, пенсіянеры – карыстаюцца паслугамі бібліятэкі на абанеменце і ў чытальнай зале. Функцыянуе бібліёбус (2011), які абслугоўвае жыхароў аддаленых населеных пунктаў.
          Акрамя абслугоўвання кнігай для чытачоў арганізуюцца масавыя мерапрыемствы, разлічаныя на розныя ўзроставыя катэгорыі і рознай тэматыкі.
          Застаецца дамінуючай тэма патрыятызму. У год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне бібліятэка правяла раённую бібліяэстафету “Пад салютам Вялікай Перамогі”. У апошні час (з 2021 г.) штогод праводзіцца шырокамаштабная акцыя “Бібліяноч”), з 2023 г. – дзіцячы фестываль летняга чытання “Кніжны БУМ”. Папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца інтэрактыўныя бібліяпляцоўкі, якія арганізуюцца як у сценах бібліятэкі так і ў розных кропках горада і раёна. Дзейнічаюць аматарскія аб’яднанні: для дзяцей “Лялечны карагод”, для дарослых “Мудрасць +”.
         Сектар маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы (СМСДіМР) праводзіць аналітычна-даследчую дзейнасць у мэтах пошуку найбольш прымальных форм работы з чытачамі і эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў бібліятэк. Росту эфектыўнасці работы спрыяюць даследаванні, праведзеныя супрацоўнікамі сектара: “Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк і асноўныя віды запатрабаванняў карыстальнікаў”, “Рынак бібліятэчных паслуг у структуры сацыяльна-эканамічнай прасторы рэгіёна”  і інш.  Абагульняецца вопыт работы лепшых бібліятэк раёна. Шмат увагі надаецца рэкламе бібліятэчных паслуг. Арганізуюцца выступленні ў сродках масавай інфармацыі, шырока рэкламуюцца кніжныя рэсурсы, інфармацыйна-культурныя мерапрыемствы праз сайт бібліятэкі і сацыяльныя сеткі. СМСДіМР ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва бібліятэкамі раёна, арганізуе вучобу і павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных кадраў. Праведзены семінары (2025): “Публічная бібліятэка: пошук асабістага іміджу і павышэнне рэйтынгу ў грамадстве”,  “Бібліятэка – прастора  прававой асветы” і іншыя прафесійныя  навучальныя мерапрыемствы.  Ажыццяўляецца выдавецкая дзейнасць.
         У мэтах папулярызацыі кнігі і бібліятэкі ў інтэрнэт прасторы рэалізуюцца ўласныя анлайн-праекты: “ВоокВоох”, “Гэта вам цікава ведаць”, “Чытаем разам, чытаем услых”, «Книга ищет читателя», «Познавая – отдыхаем, отдыхая – познаем», «Детский  писатель отмечает юбилей», “Кніжная паліца беларускіх песьменнікаў-юбіляраў”.
         Аддзел фарміравання бібліятэчнага фонду (АФБФ) адказвае за захаванасць, якаснасць камплектавання фонду ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка”, афармляе падпіску на перыядычныя выданні для бібліятэчных устаноў.

Людзі. Дасягненні. Узнагароды

         Гаворачы пра сённяшні дзень бібліятэкі, нельга не ўспомніць тых, хто стаяў ля вытокаў яе дзейнасці.
         Аднымі з першых былі Новікава Ганна Андрэеўна, Урбановіч Ірына Юльянаўна, Трусава Лізавета Калістратаўна, Клінцэвіч Аляксандра Сяргееўна. Больш за 30 гадоў прысвяцілі любімай справе Шымко Фацінія Аляксандраўна, Лапцева Ала Мікалаеўна, Палубінская Галіна Уладзіміраўна, Шляхціч Любоў Міхайлаўна, Тарашкевіч Яўгенія Браніславаўна, Рагінская Кацярына Адамаўна, Авіжа Людміла Іосіфаўна, Швец Вольга Вітальеўна, Станкевіч Крысціна Станіславаўна, Баркоўская Ірына Канстанцінаўна, Гардзей Галіна Францаўна,  Гушча Алена Іванаўна. Запомніліся чытачам творчыя вечарыны, якія ладзілі Тарашкевіч Вольга Тадэвушаўна,   Галінская Святлана Антонаўна. Дзеляцца сёння вопытам работы з маладымі калегамі Гарлуковіч Кацярына Генадзьеўна,  Кавецкая Святлана Генрыхаўна, Аляксееў Віталій Леанідавіч.
         Работа раённай бібліятэкі высока ацэньвалася на розных узроўнях. Бібліятэчная ўстанова і асобныя яе супрацоўнікі неаднаразова былі ў ліку пераможцаў абласнога і раённага спаборніцтва, узнагароджваліся Ганаровымі граматамі РВК, абласнога ўпраўлення культуры. У 2015 годзе  Ашмянская раённая бібліятэка стала пераможцай абласнога конкурсу “Установа культуры года 2014”. У 2003, 2012, 2019 гадах калектыў ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” (Ашмянская РЦБ) быў занесены на раённую Дошку гонару.
         Бібліятэкі ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” неаднаразова станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”: СБ аг.Кальчуны (2005; 2019), СБ аг.Гальшаны (2013; 2017), СБ аг.Мураваная Ашмянка (2018).